Белорусский портал в Казахстане

Які сёння дзень: 27 кастрычніка 2021 года



Гэты дзень з`яўляецца трохсотым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 65 дзён.

У гэты дзень у 1989 годзе Беларусь стала бяз`ядзернай дзяржавай. Якія яшчэ падзеі адбыліся 27 кастрычніка і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:

Гістарычныя падзеі 27 кастрычніка

У 1989 годзе ў Дзяржынскім раёне на вайсковай базе пад в. Станькава паводле савецка-амерыканскага дагавору пра ліквідацыю ракет сярэдняй і малой дальнасці была знішчана апошняя ракета СС-23, Беларусь стала бяз’ядзернай тэрыторыяй.

Хто нарадзіўся 27 кастрычніка

1890 год: Віктар Шутовіч, беларускі каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі касцёла.
1908 год: Уладзімір Сакалоў, беларускі мастак-графік.
1911 год: Мікола Лобан, беларускі пісьменнік і мовазнавец.

Таксама сёння нарадзіліся нідэрландскі гуманіст Эразм Ратэрдамскі, брытанскі першаадкрывальнік Джэймс Кук і італьянскі скрыпач-віртуоз Нікола Паганіні.

27 кастрычніка ў народным календары

У гэты дзень Праваслаўная царква шануе памяць Параскевы Сербскай. Гэта святая лічыцца заступніцай жаночай справы, перад усім прадзення. На Параскеву-льняніцу пачыналі мяць і церабіць лён. Таму яшчэ адна назва гэтага дня – Параскева-Трапальніца. Прасці забаранялася ў пятніцу: казалі, што ў таго, хто прадзе ў пятніцу, бацькі на тым свеце будуць сляпыя, таму што ў вочы трапіць кастрыца.

Таксама ў гэты дзень не варта было смяяцца, бо лічылася, што хто на Параскеву многа смяецца, у старасці будзе плакаць. На Параскеву ўдовы і старыя дзевы маліліся, каб Бог паслаў ім суджанага.

У народзе гэты дзень таксама называлі Параскева Гразнуха. "На Гразнуху не бывае суха", - казалі людзі. Такое надвор`е звычайна празягвалася чатыры тыдні – да самай зімы.

Sputnik, 27 кастрычніка 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/137/61142
Текущая дата: 19.11.2024