У Віцебскім і Аршанскім дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў цяпер можна скарыстацца паслугамі першых у Падзвінскім краі аддзяленняў дзённага знаходжання. Днямі адбыліся цырымоніі ўрачыстага адкрыцця.
Таксама анансавалі стварэнне ў хуткім часе аналагічнага аддзялення ў Браслаўскім доме-інтэрнаце.
Паводле слоў кіраўніка камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, намесніка старшыні абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра Хрыстафорава, падоўжыць знаходжанне пажылога чалавека ў дамашніх умовах, аказаць садзейнічанне і дапамогу сваякам у даглядзе за пажылым, забяспечыўшы даступнасць і якасць паслуг, бяспечныя ўмовы пражывання ў той час, калі блізкія на рабоце, з`яўляецца адной з галоўных задач устаноў сацыяльнага абслугоўвання.
І вось чарговы прыклад прадуманай рэалізацыі адпаведнай праграмы на самым якасным узроўні. Прадумана дастаўка на транспарце ў згаданыя вышэй аддзяленні, дзе грамадзяне сталага веку і людзі з інваліднасцю могуць атрымліваць увесь спектр сацыяльных паслуг і карыстацца ўсёй інфраструктурай дома-інтэрната. Сваякі альбо супрацоўнікі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва змогуць прывозіць сюды пажылых грамадзян — як на кароткі перыяд, так і для знаходжання на працягу дванаццаці гадзін.
Скарыстацца дзённым знаходжаннем можна, напісаўшы заяву і падаўшы пакет дакументаў, удакладніць поўны пералік якіх можна ў кіраўніцтва дома-інтэрната або тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства грамадзяніна.
Паслуга дзённага знаходжання аказваецца на бязвыплатнай аснове. У пералік бясплатных паслуг уваходзяць догляд, змена бялізны і падгузкаў, мыццё і іншае.
Аплата неабходная толькі за харчаванне (дарэчы, кошт паўнавартаснага харчавання на дзень складзе крыху больш за пяць рублёў).
У залежнасці ад індывідуальных патрэб, наведвальнікі змогуць скарыстацца дадатковымі паслугамі, выбар якіх багаты. Напрыклад, саляная пячора, ЛФК, фізіятэрапія, ароматэрапія, масаж, кіслародныя кактэйлі і іншае.
А на добраўпарадкаванай прылеглай тэрыторыі можна здзяйсняць павольныя прагулкі і дыхаць свежым паветрам. Даступнае навакольнае асяроддзе ва ўстанове сацыяльнага абслугоўвання створана з улікам комплекснага падыходу.
Трэба сказаць, што на Віцебшчыне каля 274 тысячы пажылых. Тых, каму за 80 гадоў — каля 40 тысяч, за 90 гадоў — 6 тысяч, прыблізна шасцідзесяці мужчынам і жанчынам больш за 100 гадоў. Гэтая статыстыка і з`яўляецца пацвярджэннем таго, што аддзяленні дзённага знаходжання вельмі запатрабаваныя. Яны працуюць па прынцыпе сацыяльнай перадышкі.
Госці ўстаноў жартам часта называюць іх «дзіцячымі садкамі для састарэлых», адкуль іх абавязкова забяруць дзеці, унукі, бо «садкі» дазваляюць захаваць магчымасць заставацца дома да апошніх дзён жыцця. Пры гэтым эканомяцца дзяржаўныя сродкі, якія спатрэбіліся б на догляд за састарэлым, інвалідам у стацыянары.
Яшчэ навіна: у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Віцебска аказваецца сацыяльная паслуга суправаджэння (у тым ліку па пад`ёме і спуску з лесвічнага марша) інвалідаў І групы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату. Апошняе робіцца сумесна з Віцебскай гарадской арганізацыяй грамадскага аб`яднання «Беларускае таварыства інвалідаў». Гэта дазволіла пашырыць магчымасці для людзей з інваліднасцю ў перамяшчэнні, шпацырах на свежым паветры, наведванні розных мерапрыемстваў і ўстаноў.
Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 28 кастрычніка 2021
Звязда, 28 кастрычніка 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/137/61668
Текущая дата: 19.11.2024