Фестываль дакументальнага кіно краін СНД "Еўразія.DOC" пройдзе ў Мінску 30 верасня і 1 кастрычніка, расказаў праграмны дырэктар фестывалю Валерый Шахаўцоў.
"Мы перажывалі ў працэсе адбору работ, колькі іх прыйдзе, з якіх краін. У нас усё яшчэ ёсць посткавідныя наступствы, з-за якіх у мінулым годзе вельмі шмат праектаў спынілася ў рабоце, засталіся нерэалізаванымі планы калег. Аднак у бягучым годзе, нягледзячы на гэтыя наступствы, мы сабралі 196 работ з 21 краіны, адабралі ў кароткую праграму 30 работ з 10 краін: Расіі, Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Латвіі, Украіны, Сербіі, Кыргызстана, Узбекістана і Казахстана", - адзначыў Валерый Шахаўцоў.
Фестываль традыцыйна праходзіць у Смаленску і Мінску. "Мы захоўваем гэту традыцыю, і я вельмі рады, што ў бягучым годзе ўдалося мерапрыемствы правесці ў афлайн-рэжыме. У Смаленску была паказана толькі частка фільмаў, а таксама прайшоў круглы стол, майстар-класы. У Мінску сёння і заўтра нас чакаюць паказы ў кінатэатры "Беларусь", круглы стол на тэму "Падпісанне Белавежскіх пагадненняў. Выпрабаванне суверэнітэтам", - расказаў праграмны дырэктар.
"Блок, звязаны з 30-годдзем падпісання Белавежскіх пагадненняў, які акрамя круглага стала ўключае паказ двух кінафільмаў, мы вырашылі правесці ў Мінску. Бо менавіта тут гэта адбывалася. У цэлым на фестывалі некалькі тэматычных блокаў. Сярод іх 30 гадоў падпісання Белавежскіх пагадненняў, 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Нюрнбергскі працэс, 60 гадоў першага палёту чалавека ў космас. Ёсць таксама дзве традыцыйныя для нас тэмы, якія прысутнічаюць на кожным фестывалі: "Чалавек. Праўда жыцця" і "Кантынент Еўразія", - прадоўжыў Валерый Шахаўцоў.
Паводле яго слоў, фестываль з году ў год набірае абароты не толькі па колькасці пададзеных заявак, але і па якасці. "Прыходзяць вельмі моцныя, цікавыя фільмы. На фестывалі сапраўды ёсць што паглядзець", - упэўнены праграмны дырэктар.
Адказваючы на пытанне журналістаў аб тым, дзе можна будзе ўбачыць фестывальныя фільмы пасля завяршэння форуму, Валерый Шахаўцоў адказаў: "Маладзёжныя фільмы будуць размешчаны на сайце конкурсу "Еўразія.DOC: 4 мінуты". Работы асноўнага конкурсу мы выкладаем на галоўным сайце. Аднак даём спасылкі толькі на тыя фільмы, стваральнікі якіх дазваляюць гэта рабіць", - падкрэсліў ён.
"Акрамя таго, пры падтрымцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і асабіста Наталлі Качанавай мы, беларускія журналісты, возім гэтыя фільмы на адкрытыя паказы па нашых гарадах пасля завяршэння фестывалю", - дадаў старшыня Беларускага саюза журналістаў, дырэктар VI Фестывалю дакументальнага кіно кріан СНД "Еўразія.DOC" Андрэй Крывашэеў.
30 верасня 2021, Мінск
БЕЛТА
30 верасня 2021, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/140/60741
Текущая дата: 18.11.2024