Белорусский портал в Казахстане

Як сталіца Беларусі сустрэне свой 954-ы дзень нараджэння



Адным з самых любімых і папулярных святаў у нашай краіне па праве лічыцца дзень горада.

Любы горад індывідуальны па-свойму — гісторыяй і культурай, падзеямі, працоўнымі, творчымі, спартыўнымі і іншымі дасягненнямі. У дзень правядзення свята Дня горада сёлета можна будзе адчуць часцінку душы мінчукоў, іх настрой і стаўленне да самога горада.

Усе намаганні арганізатараў свята — накіраваныя на тое, каб паказаць усё найлепшае, чаго дамогся, чым славіўся і славіцца цяпер горад-герой Мінск. Гарадское свята 2021 года імкнуцца зрабіць найбольш яркім, запамінальным і асаблівым, вясёлым і запальным, незвычайным і цікавым для гасцей горада і саміх жыхароў.

У суботу, 11 верасня, мы адзначым 954-ы дзень горада ў Мінску, у сувязі з чым гарадскія ўлады падрыхтавалі для актыўных мінчукоў цікавую праграму. Урачыстая дата насычана шматлікімі мерапрыемствамі. Прадстаўнікі адміністрацыі ўскладаюць кветкі да мемарыяльных аб`ектаў. Уручаюць узнагароды выбітным дзеячам. Культурныя ўстановы рыхтуюць тэматычныя выстаўкі. Музеі дэманструюць экспанаты, звязаныя з гісторыяй.

Выхаванцы спартыўных школ удзельнічаюць у паказальных выступленнях. Ладзяцца спаборніцтвы сярод футбольных каманд, весляроў, атлетаў. Тэатральныя калектывы прадстаўляюць спектаклі пад адкрытым небам. Народныя майстры перадаюць вопыт стварэння вырабаў. Арганізоўваецца фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Увечары на сцэну выходзяць папулярныя выканаўцы. У завяршэнне свята неба азараецца іскрамі феерверку.

Пляцоўкай асноўных гарадскіх мерапрыемстваў стане тэрыторыя каля Палаца спорту, дзе 10—12 верасня разгорнецца святочны кірмаш і пройдзе мноства відовішчных падзей. У пятніцу гандаль пачнецца ў 12.00, у суботу — ужо з 11.00, у нядзелю — з 9.00 і будзе доўжыцца да позняга вечара. А з поўдня 11 верасня ў шумны гандаль уварвуцца яшчэ і рытмы музычнага маладзёжнага фестывалю. Крыху пазней тут стартуе Міжнародны турнір па сілавым экстрыме Mіnsk Open Cup 2021, гарачыя спаборніцтвы за званне найлепшага зладзяць пажарныя-ратавальнікі.

Пляцоўка каля Верхняга горада 11 верасня прыцягне аматараў аўтэнтычнага народнага каларыту — тут пройдзе XІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. А ўвечар знаўцы класікі нацешацца сімфоніяй гукаў ад Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

Завершыць асноўны дзень святкаванняў 11 верасня маляўнічае піратэхнічнае прадстаўленне ў скверы Старасцінская Слабада ў 22.00.

Асноўным лейтматывам нядзелі стануць спорт і творчасць для ўсіх. Доўгачаканы Мінскі паўмарафон стартуе ад Палаца спорту ў 9.00 і абяцае быць вельмі масавым. А ў Палацы культуры правіць баль будуць музы мастацтва: тут пройдзе гарадскі фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але неабсяжнымі марамі, фантазіяй і талентамі — «Мастацтва жыць, тварыць мастацтва».

Яшчэ напярэдадні, 1 верасня, у сталічных школах прайшлі гасцявыя ўрокі «Я — мінчанін», а з 6 верасня пачнуцца інфармацыйна-выхаваўчыя гадзіны, дыскусійныя пляцоўкі. Не абыдзецца і без адкрыцця Вахты памяці на пасту № 1 горада-героя Мінска — на плошчы Перамогі. 11 верасня падножжа манумента будзе выслана кветкамі ад удзячных за мір нашчадкаў.

Паралельна ў гарадскіх бібліятэках будуць ладзіцца розныя тэматычныя сустрэчы, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах, інтэрнэце пройдзе агульнагарадская акцыя па папулярызацыі дзяржаўных сімвалаў Беларусі «Сімвалы маёй краіны і майго горада». А ў кінатэатрах 10—12 верасня пройдуць паказы дакументальных стужак пра Мінск з калекцыі кінастудыі «Беларусьфільм».

Кіраўніцтва Мінгарвыканкама сустрэнецца 9 верасня ў ратушы з членамі савета старэйшын і ганаровымі грамадзянамі горада, дзе на наступны дзень адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўшанавання мінчан, якія актыўна ўдзельнічаюць у ахове грамадскага парадку і прафілактыцы правапарушэнняў.

У дзяржаўным маладзёжным тэатры 10 верасня ордэн Маці ўручаць некалькім шматдзетным мінчанкам. А ў парку Янкі Купалы 11 верасня пройдуць цырымонія ўручэння ўзнагарод «Мінчанін года», «Найлепшы па прафесіі» і святочны канцэрт.

У Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага 11 верасня ўрачыста сустрэнуць хлопцаў, якія вярнуліся з «Зорнага паходу», узнагародзяць пераможцаў конкурсу «Формула саду». У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі пройдзе маштабнае свята для ўсіх маленькіх гараджан.

У кожным адміністрацыйным раёне сталіцы рыхтуюцца і свае гулянні. Будзе шмат весялосці і шуму, смачных пачастункаў, музыкі, танцаў. Святы двароў, квэст-гульні, дзіцячыя спаборніцтвы на роварах, кубак па сілавых відах спорту, конкурсы малюнкаў, фестывалі дзіцячай творчасці, турыстычны спрынт, фотавыстаўкі і выстаўкі мастацкіх рамёстваў — гэта і не толькі чакае мінчукоў 11 верасня.

Акрамя таго, гэтымі днямі сваё 100-годдзе адзначыць БДУ, так што гараджан чакае яшчэ больш сюрпрызаў.

Мінск... Для многіх пакаленняў яго спакойныя вуліцы, шумныя праспекты і велічныя плошчы сталі роднымі. І для кожнага жыхара гэты горад асаблівы, свой. Галоўнае ў свяце горада — гэта ўсмешкі на тварах гараджан. Якое б за акном ні было надвор`е і якія б зорныя канцэрты ні падрыхтавалі нам арганізатары, 11 верасня 2021 года можа стаць яшчэ лепш, калі вы са сваімі роднымі і блізкімі прыйдзеце на свята Мінска ў добрым настроі.

Аўтар: Данііл Хмяльніцкі
Звязда, 2 верасня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/143/60425
Текущая дата: 18.11.2024