Славянскае свята Івана Купалы адзначаць на Аўгустоўскім канале побач са шлюзам Дамброўка 7 ліпеня. Пачнецца доўгачаканае летняе свята ў 19.00.
У Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры паабяцалі, што будзе насычаная і цікавая праграма, падчас якой усе жадаючыя змогуць пазнаёміцца з традыцыямі старажытнага славянскага Купалля. Усе жадаючыя майстры і майстрыхі змогуць навучыцца плесці вянкі.
Спасцігнуць сакрамэнт свята можна будзе праз рэканструкцыю старадаўняга абраду і купальскага шэсця. У кожнага будзе магчымасць стаць непасрэдным удзельнікам дзеянняў – паскакаць праз вогнішча, адплясаць у карагодзе, пусціць вянок па вадзе.
Тым больш для ўсіх жадаючых правядуць майстар-класы па пляценні вянкоў і раскажуць, як правільна збіраць лекавыя травы і нарыхтоўваць зёлкі. Дзяўчаты змогуць паваражыць на нарачонага і зазірнуць у будучыню.
Атмасферу Купалля дапамогуць стварыць фальклорны народны тэатр «Матуліна песня» з Жытомлі і фальклорны гурт «Жывіца» з Квасоўкі.
Каб адчуць сябе максімальна атмасферна, арганізатары прапануюць прыехаць на свята ў традыцыйнай або блізкай да яе вопратцы. Такіх удзельнікаў Купалля на Аўгустоўскім канале абяцаюць заахвоціць падарункамі. Гэта могуць быць кашулі, палатняныя штаны, разнастайныя паясы, а таксама доўгія спадніцы, светлыя сукенкі ці сарафаны.
У праграме свята не толькі карагоды, спевы і танцы пад бубен і баян, але і падарожжа за чароўнай кветкай папараці. Па легендзе, яна можа прынесці поспех на ўсё жыццё.
Аўтар: Аліса Скіба
Звязда, 6 ліпеня 2021
Звязда, 6 ліпеня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/145/60126
Текущая дата: 18.11.2024