Белорусский портал в Казахстане

Кобрын прыме фестываль «Вытокі» з 10 па 12 чэрвеня



Культурна-спартыўны фестываль «Вытокі» з 10 па 12 чэрвеня адбудзецца ў Кобрыне, паведамілі ў прэс-службе НАК Беларусі.

Фестываль адкрываецца 10 чэрвеня праграмай гісторыка-культурнай спадчыны ў ваенна-гістарычным музеі імя Суворава і гарадскім Палацы культуры.

У гэты дзень у 13.00 адбудзецца круглы стол, у 17.30 адкрыюцца выстава «Кола часу» і выстава дзіцячага малюнка. У 18.00 пачнецца лекцыя-прэзентацыя «Сучаснае беларускае выяўленчае мастацтва», а ў 19.00 адбудзецца канцэрт арганнай музыкі і творчая сустрэча Валерыя Шмата «Мой крок да Алімпа».

На другі дзень фестывалю, 11 чэрвеня, запланаваны адукацыйны семінар па падтрыманні творчых і інавацыйных праектаў (11.00) і культурна-эканамічная праграма «Капітал месца» (14.30, Кобрынскі масларобна-сыраробны завод, вул. Савецкая, 128). Яго ўдзельнікі абмяркуюць распрацоўку і папулярызацыю нацыянальных і рэгіянальных брэндаў.

Адна з цэнтральных пляцовак фестывалю 12 чэрвеня — «Вытокі. Крок ды Алімпа» ў парку імя Суворава, дзе кожны жадаючы зможа паўдзельнічаць у спаборніцтвах і конкурсах, паспрабаваць сябе ў розных відах спорту, выканаць заданні і атрымаць каштоўныя прызы.

Арганізуюць фуд-корт, зону сямейнага адпачынку і выстаўку-продаж «Беларускія брэнды». Важнае месца на фестывалі зойме пляцоўка вакальнага конкурсу, які пачнецца ў 16.00 у амфітэатры парку імя Суворава. Журы вызначыць лепшых маладых выканаўцаў, якія атрымаюць дыпломы і каштоўныя прызы.

На сцэне амфітэатра ўзнагародзяць і лепшых юных мастакоў рэгіёна. Завершыцца фестывальная праграма 12 чэрвеня вячэрнім гала-канцэртам (19.00), на якім выступяць Жанет, арт-група «Беларусы», Валерый Шмат, Гюнеш, Зіна Купрыяновіч, Ірына Дарафеева, група Jazz City Band, група «Байсіці», Аляксандр Варанішча.

Спартыўна-культурны фестываль «Вытокі» пройдзе таксама ў Мазыры (24-26 чэрвеня), Бабруйску (15-17 ліпеня) і іншых гарадах Беларусі. Фінальным жа акордам фестывалю стане маштабнае свята, якое плануецца правесці ў канцы жніўня ў Мінску. «Вытокі» (VYTOKI) — беларускі брэнд, сімвал, які адлюстроўвае накіраванасць фестывальнага руху з мэтай папулярызацыі нацыянальнай культуры, спорту, гісторыі, традыцый і падтрымкі малых гарадоў. Уваход на ўсе фестывальныя мерапрыемствы бясплатны.

Асноўныя задачы праекта «Вытокі» — стварэнне сацыяльна-адукацыйнай прасторы, якая аб’ядноўвае людзей розных інтарэсаў і ўзростаў; папулярызацыя рэгіянальных і нацыянальных брэндаў, а таксама дасягненняў у спорце, навуцы і мастацтве.

Арганізатары фестывалю — Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, Федэрацыя прафсаюзаў, ТАА «АртХаос» і ТАА «БелБрэндАўдыт».

Звязда, 8 чэрвеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/148/59667
Текущая дата: 18.11.2024