Белорусский портал в Казахстане

Інтэрактыўны выставачны праект «Партызаны Беларусі» ўпершыню прэзентавалі ў Гомелі



Экспазіцыя прадстаўленая ў Гомельскім дзяржуніверсітэце імя Ф.Скарыны.

У аснове выставы — гістарычныя фатаграфіі часоў Вялікай Айчыннай вайны, копіі ўзнагародных лістоў і баявых характарыстык партызан і падпольшчыкаў. Праект распавядае аб подзвігах і заслугах канкрэтных партызан, дзейнасці партызанскіх фармаванняў на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гадах.

У экспазіцыі інтэрактыўнай выставы — матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Таксама ў аснове выставы знаходзяцца дакументы ўнікальнага інтэрнэт-праекта выдавецкага дома «Беларусь сёння» і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь «Партызаны Беларусі».

Летась праект прызентавалі ў Брэсце, Магілёве, Гродне і Маладзечне. З улікам цікавасці з боку наведвальнікаў было прынята рашэнне абнавіць фармат экспазіцыі і паказаць яе ў іншых гарадах. Цяпер мэтавая аўдыторыя — студэнты і выкладчыкі ВНУ.

— За гэтай выставай — скрупулёзная адказная работа: з архіўнымі дакументамі, якія ні ў якім разе нельга пашкодзіць, з фактамі, якія нельга сказіць, з гісторыяй, якую недапушчальна перапісаць, — звярнуў увагу падчас адкрыцця праекту «Партызаны Беларусі» старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Кіраўнік рэгіёна зазначыў, што на сёння ў інтэрнэце праект паглядзелі больш за дзвесце дваццаць тысяч чалавек, а гэта сведчыць, — праведзеная работыане была дарэмнай.

— Усё далей і далей ад нас гады Вялікай Айчыннай вайны і пераможны салют 1945-га. І ўсё настойлівей спробы Захаду перапісаць гісторыю. Але мы супрацьстаім гэтаму. Мы дакладна захоўваем гістарычную праўду. Не на словах, а на справе, — звярнуўся да прысутных Генадзь Салавей. — У 2019 годзе ветэран вайны Іван Дзмітрыевіч Кандрусевіч папрасіў мяне адкрыць у Гомельскай вобласці помнік партызанам. У тым жа годзе ў Гомелі быў устаноўлены помнік братам Лізюковым, сярод якіх кіраўнік партызанскага руху ў Мінскай вобласці Яўген Лізюкоў. Ужо ў наступным годзе да гадавіны Вялікай Перамогі на сцяне шматпавярховага дома стварылі саракаметровы партрэт Героя Савецкага Саюза, партызанскага камандзіра Емяльяна Барыкіна. Сёлета аднаўляем мемарыял «Партызанская крынічка» ў Гомельскім раёне, — падкрэсліў губернатар. Па яго словах, у сваю чаргу гістарычны праект «Партызаны Беларусі» — грунтоўны ўнёсак у захаванне агульнай гісторыі, у патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Не выпадкова на Гомельшчыне выставу ў першую чаргу паглядзяць студэнты — інтэлектуальная эліта.

Наталля Капрыленка
Звязда, 4 чэрвеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/149/60033
Текущая дата: 18.11.2024