Белорусский портал в Казахстане

Культурнай сталіцай Беларусі-2022 аб’яўлена Орша



Такое рашэнне сёння было прынятае падчас пасяджэння калегіі Міністэрства культуры ў Бялынічах.

На калегіі таксама было разгледжана пытанне арганізацыі работы публічных бібліятэк. У Магілёўскай вобласці іх на сённяшні дзень 347.

— Апошнія два гады мы актыўна займаемся стварэннем краязнаўчага лічбавага кантэнту, — паведаміла дырэктар абласной бібліятэкі імя В.Леніна Ілона Сарокіна. — Створана каля 100 баз дадзеных па вобласці, якія адлюстроўваюць гісторыю, культуру, традыцыі нашай Магілёўшчыны. І мяркуючы па колькасці нашых віртуальных наведвальнікаў, гэта інфармацыя карыстаецца вялікай папулярнасцю. Гэтым вопытам мы падзяліліся падчас калегіі. Наогул сустрэча была вельмі канструктыўная і прадуктыўная. Мы звярнулі ўвагу на праблемы, якія сёння існуюць у сістэме бібліятэк і яны былі пачутыя.

Падчас калегіі адбылася прэзентацыя сістэмы культуры і ў цэлым сацыяльна-эканамічнага стану Бялыніцкага раёна.

— Па выніках работы за мінулы год ён заняў трэцяе месца ў абласным спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гарадоў з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, — удакладніла намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама Ірына Фурсава. —Бялыніцкі «Жылкамгас» занесены на абласную Дошку пашаны, СВК «Калгас „Радзіма“» — на рэспубліканскую Дошку пашаны, а бялыніцкае ПМК-241 стала прызёрам рэспубліканскага спаборніцтва на лепшую будаўнічую арганізацыю. Стабільна працуюць сістэмы адукацыі, культуры, аховы здароўя. Летась, дзякуючы правядзенню Года пісьменства ў Бялынічах, горад стаў больш прыгожы і зручны для жыцця і работы.

У рабоце калегіі прымалі ўдзел міністр культуры Анатоль Маркевіч і начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч.

Нэлі Зігуля
Звязда, 20 траўня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/151/59356
Текущая дата: 18.11.2024