Ад раніцы на пляцоўцы каля Палаца культуры вобласці грала музыка, пахла велікоднымі булкамі і гучалі словы ў гонар лепшых працаўнікоў Магілёўскай вобласці.
Спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы ўшанаваны 25 прадстаўнікоў Прыдняпроўскага краю. Сярод іх настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мяжысецкай школы Магілёўскага раёна Антон Лабаноўскі, салістка вакальнага ансамбля «Весялуха» Ганна Голубева, рэдактар інтэрнэт-рэсурса клічаўскай газеты «Сцяг Саветаў» Нурмырат Анамурадаў, урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Кірыл Бадзякоў і іншыя.
Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц у віншавальным звароце адзначыў, што сваёй самаадданай працай кожны беларус здольны зрабіць нашу агульную Радзіму больш прыгожай і моцнай. Ён павіншаваў жыхароў вобласці з Днём працы і надыходзячым святам Вялікадня.
Каля Палацы культуры вобласці сёння стаяць гандлёвыя і забаўляльныя пляцоўкі. Тут спяваюць, танчаць, спрабуюць смакату, якую ў неабмежаванай колькасці прапануюць прадстаўнікі райспажыўкааперацыі і іншыя гандлёвыя суб’екты. У продажы таксама сувеніры і тавары на любы густ. І ўсё гэта па прыемных цэнах з мінімальнай гандлёвай надбаўкай.
Сёння ў горадзе асабліва святочна і прыгожа яшчэ і таму, што запрацавалі фантаны, а ў парку атракцыёнаў запрасілі на каруселі. Адкрылі «летні» сезон і магілёўскія рамеснікі. З сённяшняга дня да 27 лістапада ў скверы на скрыжаванні вуліц Лепяшынскага і Будзёнага штотыдзень ў чацвер, пятніцу і суботу з 10 да 19 будзе працаваць выстава-кірмаш і праводзіцца майстар-класы членаў аматарскага аб’яднання рамеснікаў «Магiлёўскiя майстры» і грамадскага аб’яднання магілёўскіх рамеснікаў «Шчырая Майстэрня».
Нэлі Зігуля
Звязда, 1 траўня 2021
Звязда, 1 траўня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/153/59071
Текущая дата: 18.11.2024