19 лютага а 16-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на літаратурна-музычную імпрэзу «Родная мова ў марах, у песнях, у снах...», прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы.
Сёння ў свеце налічваецца больш за 6 тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, садзейнічання прызнанню і выкарыстанню ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.
«Дзень роднай мовы — нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню мовы, якую мы завём матчынай. Мова жывая, пакуль на ёй размаўляюць. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, беларускую мову лічаць роднай 5 мільёнаў 58 тысяч жыхароў нашай краіны. Гэта значыць, большасць грамадзян Беларусі» — адзначылі ў музеі.
Сёння гонар і абавязак кожнага з нас — шанаваць родную мову, абараняць яе. У першых шэрагах абаронцаў нацыянальнага скарбу заўсёды ідуць пісьменнікі, якія звяртаюцца да нас, беларусаў, каб мы не цураліся роднага слова, моцай мастацкага выказвання паказваюць нам і ўсяму свету багацце і прыгажосць беларускай мовы, яе чысціню, выразнасць і мілагучнасць.
Падчас мерапрыемства «Родная мова ў марах, у песнях, у снах...» прагучаць вершы беларускіх паэтаў і народныя песні ў выкананні струдэнцкіх творчых калектываў мінскіх навучальных устаноў: студэнтаў творчага саюза БДУ, паэтычнага тэатра «Рытмы сэрца» (БДУІР), вакальнай студыі «Шанс» (БДУІР), навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С. Высоцкага.
Звязда, 15 лютага 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/159/58335
Текущая дата: 18.11.2024