Белорусский портал в Казахстане

Акадэмік Медыцыны і Чалавечнасці: памёр акадэмік Смеяновіч



Журботная вестка прыйшла 2 студзеня: памёр акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, славуты не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету нейрахірург Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч.

У дакументах акадэміка пазначана, што нарадзіўся 11 жніўня 1938 года ў Бранску… Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца, аднаго з першых дэсантнікаў Чырвонай Арміі Фёдара Смеяновіча.

Усё яго дзяцінства, падлеткавы ўзрост прайшлі ў Пухавічах, на Міншчыне, на радзіме маці. Жыў тут і ў час вайны. Разам з усімі прайшоў праз няпростыя пасляваенныя гады.

Юначыя мары штурхалі да ваеннай службы. Яно і зразумела… Бачыў вайну. Бацька, начальнік штаба дэсантнай брыгады падпалкоўнік Фёдар Смеяновіч, па-геройску загінуў на Дняпры. Але не дазволіў зрок… І тады ён выбраў вучобу ў медыцынскім інстытуце. Па размеркаванні патрапіў працаваць на Магілёўшчыну, у Дрыбін. Пасля — Мінск, праца ў абласной клінічнай бальніцы, дзе яго талент, майстэрства заўважылі. З 1975 года — у Навукова-даследчым інстытуце неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (цяпер — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі), дзе і працаваў да апошніх дзён... Абараніў кандыдацкую, доктарскую дысертацыі. У 1998–2005 гадах — дырэктар гэтай аўтарытэтнай медыцынскай навукова-практычнай установы.

У 1998 годзе Арнольда Смеяновіча адзначылі званнем заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь. За навуковыя дасягненні вучоны атрымаў званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Акадэмік узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені.

Многія вынаходніцтвы, навацыі, адкрыцці вучонага і доктара, які ледзь не штодзённа заходзіў у аперацыйную, каб дапамагчы чалавеку ў складанай сітуацыі, каб некаму выратаваць жыццё, не маюць ніякіх аналагаў. Асноўныя напрамкі навуковых вышукаў Арнольда Фёдаравіча — хірургія сасудзістай паталогіі галаўнога мозгу, нейраанкалогія, хірургія кампрэсіўных форм астэахандрозу пазваночніка… Распрацаваў і ўкараніў мікрахірургічную тэхналогію татальнага выдалення неўрыном пераддзвернауліткавага нерва і шэраг методык лячэння неўралагічных разладаў, звязаных з гэтым захворваннем. Быў членам рэдакцыйных калегій многіх перыядычных навуковых выданняў. Не толькі ў Беларусі, але і ў Беларусі, Украіне. Арнольд Фёдаравіч – аўтар мноства грунтоўных навуковых артыкулаў, навуковых манаграфій. Наш суайчыннік часта выступаў з дакладамі на міжнародных навуковых сімпозіумах, канферэнцыях, кангрэсах. Да думкі Арнольда Смеяновіча прыслухоўваліся, з ім лічыліся ў навуковым свеце.

Выключна абаяльны чалавек, Арнольд Фёдаравіч ніколі не адштурхоўваў людзей, якія звярталіся да яго. І вельмі часта — зусім не па яго медыцынскім профілі. Складалася ўражанне, што ён сапраўды імкнецца выратаваць увесь свет. Часта сустракаўся з журналістамі. І яго гутаркі, інтэрв’ю былі насычанымі, грунтоўнымі. У іх не было пустаты і павярхоўнасці. Проста, ясна ён выкладаў тыя парады, падказкі, як захаваць здароўе, якімі правіламі пры гэтым кіравацца ў нашых будзённых клопатах.

У Арнольда Фёдаравіча — выдатная сям’я. Яго жонка — медык. Сын і дачка — медыкі. Унук — медык. З вялікай павагай да акадэміка Смеяновіча ставіліся землякі-пухавіччане. Арнольд Фёдаравіч — ганаровы грамадзянін Мар’інай Горкі, ганаровы грамадзянін Пухавіцкага раёна.

Аўтар: Мікола Берлеж
Звязда, 2 студзеня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/162/57985
Текущая дата: 18.11.2024