Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка: Паспяховая гісторыя кожнага з вас — лепшае пацверджанне слоў пра чалавека як пра галоўнае багацце краіны



Прэзідэнт Беларусі напрыканцы года ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным беларусам.

«Сёння мы ўшаноўваем работнікаў прамысловасці, медыкаў, педагогаў, праваахоўнікаў, артыстаў, трэнераў, спартсменаў, святароў. Усіх тых, хто сваёй штодзённай стваральнай працай робіць родную Беларусь больш моцнай і багатай, - павітаў удзельнікаў урачыстасці Аляксандр Лукашэнка. - Новы год традыцыйна звязаны з надзеямі на будучыню, чаканнямі цудаў і падарункаў. Нават мы, дарослыя, чакаем гэтыя цуды. Высокія заслужаныя ўзнагароды і ганаровыя званні — гэта таксама падарунак вам, вашым працоўным калектывам, родным. Знак прызнання заслуг перад дзяржавай».

Так, ордэна Айчыны ўдастоены выдатны хірург — дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо, адзначыў Прэзідэнт. Распрацоўкі сусветнага ўзроўню ў нелінейнай оптыцы і лазернай фізіцы на рахунку акадэміка і зараз ужо заслужанага дзеяча навукі Мікалая Казака.

«Фактычна з нуля стварыў паспяховае інавацыйнае прадпрыемства Аляксандр Бадзяка, за што па праве яму прысвоена ганаровае званне „Заслужаны работнік прамысловасці Беларусі“, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Вельмі важна, што мы навучыліся ўжываць найноўшыя тэхналогіі. Удвая больш каштоўна, што мы навучыліся ствараць гэтыя тэхналогіі».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Паспяховая гісторыя кожнага з вас — лепшае пацверджанне маіх слоў пра чалавека як пра галоўнае багацце краіны».

Сярод узнагароджаных — больш за ўсё педагогаў, дадаў беларускі лідар.

«Гэта людзі, чыя роля ў грамадстве невымерна высокая, — сказаў ён. — Вы лепш за іншых ведаеце, што выхаванне моладзі — гэта тварэнне будучыні краіны, захаванне пераемнасці пакаленняў і гістарычнай памяці. Бо дзетсадаўцы і школьнікі сёння — дзеці, а заўтра — гэта народ. І давайце шчыра казаць, што апошнія падзеі паказалі, што нам з вамі ёсць, над чым тут працаваць».

Гонар і хвала медыкам, дадаў Прэзідэнт і паўтарыў, што да іх сёння прыкавана асаблівая ўвага — так распарадзіўся час.

«Перакананы, вы паспяхова справіцеся са сваімі задачамі. Як і аграрыі, якія паказалі ўсім нам узор прафесіяналізму і працавітасці, — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. — Душу народа і традыцыі захоўваюць і ўзбагачаюць майстры мастацтваў, выхоўваюць у людзях чалавечнасць і высакароднасць».

Ён адзначыў заслугі сілавікоў і ваенных, якія абараняюць правапарадак, бяспеку і суверэнітэт, спартсменаў і трэнераў, якія сваімі перамогамі ўслаўляюць краіну.

«Усе вы, хто прысутнічае тут, — яркія асобы, якія адбыліся, паспяховыя людзі і прыклад для іншых», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы

Ён павіншаваў прысутных з заслужанымі ўзнагародамі, надыходзячымі святамі і пажадаў цяпла, утульнасці і радасці ў кожным доме.

«Перакананы, што вы на гэтым не спыніцеся. Наперадзе ў вас новыя прафесійныя вышыні і дасягненні, — завяршыў сваё выступленне Прэзідэнт. — Жадаю ўсім моцнага здароўя, вялікага асабістага шчасця і поспехаў на карысць нашай любімай Беларусі».

Судакрананне з бессмяротнасцю

Мікалай Барысенка, гісторык, ваенны пісьменнік, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» атрымаў з рук кіраўніка дзяржавы ордэн Францыска Скарыны.

«Я большую частку жыцця прысвяціў вывучэнню гісторыі і культуры Магілёўскай вобласці, а калі шырэй — усходняй Беларусі, — расказаў ён. — У мяне выйшла каля 20 кніг гісторыка-краязнаўчай накіраванасці. Паралельна ўжо 26 гадоў займаюся пошукавай работай. Гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру» быў створаны ў 1994 годзе мной разам з аднадумцамі, ён дагэтуль жывы, плённа працуе. Яго ўдзельнікі ўсе робяць на грамадскіх пачатках. За гэты час высветлена 26 тысяч імёнаў байцоў, якія лічыліся раней зніклымі без вестак, на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Паведамілі сваякам, калі такіх знайшлі, унеслі ў базу дадзеных. З зямлі разам з 52-м пошукавым батальёнам паднятыя 1410 байцоў і камандзіраў, з іх вядомыя 90 імёнаў. Гэта вынікі работы за 26 апошніх гадоў. Цяжка аддае зямля імёны, таму што практычна няма ідэнтыфікацыі. Слаба захоўваюцца смяротныя медальёны, папера, імянныя рэчы. З архівамі працаваць прасцей. Зараз Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі стварыў магутныя сайты, па якіх мы тых салдат, хто лічыўся загінулым без вестак, вяртаем у сем’і.

А там дагэтуль чакаюць тых, хто сышоў у тую вайну і растварыўся. І ўдзел у нашай рабоце дзяцей і моладзі — самае моцнае патрыятычнае выхаванне. Бо яна дазваляе літаральна дакрануцца да таго, пра што пішуць у кнігах і здымаюць у кіно. І гэтае судакрананне пакідае непазбыўны след і нараджае вельмі моцныя і добрыя пачуцці».

«Усё ў нас будзе добра!»

Намеснік Генеральнага пракурора Генадзь Дыско атрымаў ганаровае званне «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь».

Я ўжо працую больш за 30 гадоў у пракуратуры, таму, спадзяюся, унёс пэўны ўклад у дасягненне тых вынікаў, якія сёння маем у барацьбе са злачыннасцю і ў заканатворчасць, — падзяліўся ён. — Зараз мне ў Генеральнай пракуратуры падпарадкавана структурнае падраздзяленне, якое працуе менавіта ў сферы заканатворчасці.

Самыя галоўныя якасці, якія павінны быць у пракурора —сумленнасць і прыстойнасць. Мы, юрысты, працуем з людзьмі, а людзі — вельмі далікатны матэрыял, таму любая фальш заўсёды будзе імі заўважаная.

Я шмат дзе працаваў: 10 гадоў пракурорам раёна, столькі ж — пракурорам вобласці. І ў маленькіх раёнах папрацаваў, і ў вялікіх. У мяне дастаткова вопыту. Гэта праца вымагае ўмення добра разбірацца ў людзях. Глядзець на іх пад розным вуглом.

У новым годзе ўсім жадаю здароўя. Сам толькі што перахварэў на ковід, гэта цяжкая хвароба. Яшчэ — удачы і аптымізму. Усё ў нас будзе добра!»

«Балет — гэта маё жыццё»

Ніна Дзьячэнка, выкладчык народна-сцэнічнага танца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа атрымала званне Заслужанага дзеяча мастацтва.

«Усё маё жыццё прысвечана балету, — расказала яна журналісту «Звязды». — Сёння я — педагог нашага вядучага харэаграфічнага каледжу. І вось мяне ўзнагароджваюць такой вялікай узнагародай, высокай. Гэта, нават, сюрпрыз для мяне.

Балет — гэта маё жыццё. Я ў ім з пяці гадоў. У мінулым — оперны тэатр, музыкальны тэатр, дзе я працавала. Цяпер у каледжы я стаўлю спектаклі, вяду асноўныя прадметы: народна-сцэнічны танец, характэрны, беларускі танец.

Я працую з дзецьмі ад 10 гадоў да выпускнога курсу. Дзеці не змяніліся, яны такія, якімі былі і мы — таксама адданыя справе, таксама мараць стаць зоркамі. Яны восем гадоў няспынна працуюць ля станка. Зоркамі становяцца, на жаль, не ўсе, патрэбны і кардабалет. Але сёння оперны тэатр практычна на 99 працэнтаў — гэта нашы выпускнікі. І наш Вялікі тэатр, як вядома, вельмі запатрабаваны і вядомы ў свеце. І ў гэтым ёсць наш унёсак.

Выпускнікі ўлятаюць ад нас, мы ўкладаем у іх усю душу і за кожнага яна баліць і хвалюецца. Мы вучым нашых выхаванцаў любіць радзіму. Кажам, што Беларусь — гэта месца, дзе жыць нам і нашым дзецям, наступным пакаленням, таму мы павінны навучыцца аддаваць ёй ад сябе нешта, а не толькі браць».

Звязда, 29 снежня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/163/57869
Текущая дата: 18.11.2024