Белорусский портал в Казахстане

У Брэсце прайшла абласная ёлка для школьнікаў



Гарадскія і раённыя навагоднія святы будуць праходзіць да 10 студзеня. Усяго на Берасцейшчыне запланаваны ўдзел у акцыі больш за 5 тысяч дзяцей.

На традыцыйнае абласное дзіцячае мерапрыемства сабралася 120 школьнікаў з абласнога цэнтра і Брэсцкага раёна. Губернатарская ёлка праходзіла ў абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці. Сёлетняй асаблівасцю падзеі стала тое, што ў Брэст не запрашалі дзяцей з усяго рэгіёна. Старшыня аблвыканкама Анатоль ЛІС запісаў відэавіншаванне для ўсіх дзяцей вобласці, з яго трансляцыі і пачнуць ёлкі ў рэгіёнах.

А да брастаўчан кіраўнік рэгіёна звярнуўся асабіста. Пажадаў ім, іх бацькам і настаўнікам моцнага здароўя, параіў умацоўваць яго рэгулярнымі заняткамі спортам і здаровым ладам жыцця. Пасля віншаванняў юных удзельнікаў свята запрасілі ў глядзельную залу на вясёлую святочную дзею пад назвай «Новы год і часалёт». Акрамя таго, шматлікія госці ёлкі з задавальненнем знаёміліся з выставай дзіцячай творчасці, разгорнутай у фае ЦМТ.

Паводле слоў губернатара, на правядзенне навагодняй акцыі «Нашы дзеці», якая пачалася з 10 снежня, з абласнога бюджэту накіравана больш за 70 тысяч рублёў. Асабліва адзначаюцца адораныя дзеці, дзеці са шматдзетных сем’яў, а таксама з сем’яў, якія аказаліся ў складнай жыццёвай сітуацыі. Да акцыі актыўна падключаюцца кіраўнікі прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскія арганізацыі, дэпутаты ўсіх узроўняў.

Святлана Яскевіч
Звязда, 29 снежня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/163/57884
Текущая дата: 18.11.2024