Навагодні зварот Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа.
Дарагія суайчыннікі і госці Беларусі!
Час няўмольна набліжае нас да апошніх імгненняў высакоснага 2020 года. Нас хвалюе, якім ён быў і што нас чакае ў будучым.
Адыходзячы год быў яркім і своеасаблівым. Ён прымусіў беларусаў шукаць адказы на спрадвечныя пытанні: «Хто мы?», «Што будзе з намі, нашымі дзецьмі?», «Куды мы ідзём?» і «Чаго мы хочам?».
Мы асабліва востра ўсвядомілі, што маем і што можам страціць, прытым — незваротна.
Год аб’яднаў чалавецтва клопатам пра здароўе. А Гасподзь паказаў нам наша месца ў гэтым свеце і папярэдзіў аб адказнасці за гармонію з прыродай.
Дзякуючы неймаверным намаганням дзяржавы мы выстаялі і набылі ўпэўненасць у заўтрашнім дні. А галоўнае — не пакінулі дзяцей без будучыні!
Словам, нам патрэбны быў гэты год, каб зразумець, хто ёсць хто, каб па-сапраўднаму ацаніць зробленае і ўбачыць, што мы нацыя, здольная выжыць у гэтым бурлівым свеце толькі тады, калі мы адзіныя, калі мы разам.
Наша апора — багаты гістарычны вопыт. Мы наследнікі вялікіх пакаленняў беларусаў, якіх лёс на працягу тысячы гадоў ламаў і неаднаразова выпрабоўваў на трываласць. Але яны мужна і смела стваралі сваю будучыню. І ніколі не страчвалі сувязь з роднай зямлёй. Яна — наша ўсё. Без яе мы не будзем народам.
Трылогія «Малой радзімы», якую мы завяршылі ў 2020-м, яшчэ раз дала магчымасць зразумець, што толькі ў роднай зямлі крыніца нашых сіл. Гэтыя сілы дапамагаюць нам дасягаць намечаныя мэты. І, падводзячы вынікі чарговай пяцігодкі, мы бачым: нам ёсць чым ганарыцца.
Беларусь стала ядзернай дзяржавай, зрабіла крок у космас, асвоіла вытворчасць легкавых аўтамабіляў і электрамабіляў, стварыла біятэхналагічную карпарацыю, асвоіла ракетную вытворчасць, развіла IT.
Але самае галоўнае — мы захавалі харчовую бяспеку. І ў той час, калі людзі ў багатых краінах выстраіліся ў кіламетровыя чэргі за кавалкам хлеба, нашы сяляне забяспечылі беларусаў неабходнымі прадуктамі харчавання.
Людзі ў пагонах папярэдзілі нашых непрыяцеляў: абарона дзяржавы, грамадская бяспека будуць забяспечаны рашуча і без ваганняў!
Людзі ў белых халатах паказалі свой прафесіяналізм у барацьбе з цяжкімі хваробамі.
Сапраўдныя настаўнікі і выкладчыкі прадэманстравалі ўзровень беларускай адукацыі.
Вучоныя і інжынеры Беларусі стварылі ўнікальныя ўзоры ў машынабудаванні, хіміі, нафтахіміі.
Гэта значыць, мы не застылі на месцы. Змяніўся свет, змяніліся і мы. Нашы перамены — гэта разлічаная і прадуманая эвалюцыя.
Вы ведаеце, некаторыя з нас, сутыкнуўшыся з выклікамі высакоснага года, хочуць вярнуцца ў Беларусь, якой яна была годам раней.
Я, вядома, рады, што вы ацанілі дасягнутае, але вяртацца ў мінулае мы не будзем. У нас няма часу ісці назад і праходзіць пройдзенае. Мы абавязкова створым Беларусь будучага, і яна будзе лепшая за цяперашнюю. Для гэтага трэба проста адправіць 2020-ы ў гісторыю. Але не забыць яго ўрокі. Нам усім, хто бачыць свет па-рознаму, трэба ўсвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасць — кавалачак зямлі ў цэнтры Еўропы.
Іншага не дадзена. І ў імя захавання яго для дзяцей давайце перагорнем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новую главу незалежнай Беларусі. Давайце будучы год зробім годам народнага адзінства.
Будзем жыць сваім розумам, ствараць каштоўнасці сваімі рукамі. Берагчы, даражыць і любіць так, як могуць толькі беларусы — разумная, талерантная, накіраваная ў будучае нацыя! І калі мы хочам «людзьмі звацца», мы гэта зробім!
Дарагія сябры!
У гэтыя хвіліны нашы сэрцы б’юцца асабліва моцна. Мы з любоўю глядзім на родных і блізкіх, разумеючы, што ў іх наша шчасце і сэнс жыцця. Дзякуем ім за падтрымку і веру, якія дапамагаюць ісці да мэт, пераадольваючы любыя перашкоды. І мы спадзяёмся, што нашы мары абавязкова здзейсняцца.
Няхай надыходзячы 2021 год стане для ўсіх нас годам ажыццяўлення самых добрых, светлых і чыстых жаданняў!
Мужнасці, вытрымкі і цярпення на гэтым шляху вам, патрыётам Радзімы! Міру і дабрабыту вашым сем’ям і дзецям. Будзьце здаровыя і шчаслівыя, беражыце адзін аднаго.
З Новым годам вас і вашых гасцей!
Звязда, 1 студзеня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/163/57968
Текущая дата: 18.11.2024