Тэлевізар, параканвектамат для кухні, салодкія падарункі і двухметровую лясную прыгажуню атрымала ў рамках акцыі «Нашы дзеці» Глуская санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з саматычнай паталогіяй ад Міністэрства лясной гаспадаркі і яго падведамасных арганізацый.
Навагодні настрой выхаванцам і іх выкладчыкам прывезлі прадстаўнікі абласнога лесагаспадарчага аб’яднання, Глускага лясгаса на чале з міністрам лясной гаспадаркі Віталём Дрожжам.
— Новы год і Каляды — чароўныя святы, калі нават дарослыя мараць пра нешта. Марце і вы — вашы спадзяванні абавязкова спраўдзяцца, асабліва калі вы для гэтага прыкладзеце сілы і намаганні, — пажадаў выхаванцам школы-інтэрната міністр.
У школе-інтэрнаце на сёння вучыцца і пражывае 108 дзяцей з саматычнай паталогіяй з усёй Магілёўскай вобласці. Як адзначыў дырэктар установы Анатоль Ласоцкі, з міністэрствам і прадпрыемствамі лясной гаспадаркі ўстанова сябруе ўжо болей чым 15 гадоў. Яны частыя госці на ўсіх знакавых мерапрыемствах і святах. Дзякуючы ім умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы.
Аўтар: Нэлi Зігуля
Звязда, 24 снежня 2020
Звязда, 24 снежня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/164/57769
Текущая дата: 18.11.2024