У малой выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра працуе выстава творчых работ народнага майстра Беларусі Марыі Кулецкай «Малюе сэрца — не рука, або Сардэчныя замалёўкі».
Выстава прымеркавана да 70-годдзя члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 40 работ, у асноўным роспіс па шкле. Марыя Кулецкая адрадзіла гэты амаль забыты і страчаны ўнікальны народны промысел. Малюнак у гэтай тэхніцы наносіцца з адваротнага боку пяром і тушшу. Абавязковы элемент такіх карцін — срэбрыстая або залацістая фольга.
«Работы толькі на першы погляд здаюцца наіўнымі. На самай справе яны выкананы на высокім мастацкім узроўні, таму што Марыя Кулецкая ў першую чаргу мастак. Але ў гісторыю беларускага народнага мастацтва яна, на мой погляд, перш за ўсё ўвойдзе як майстар, які адрадзіў і захаваў для нашчадкаў роспіс па шкле. Яна адпраўлялася ў экспедыцыі па Пружанскім раёне, знаходзіла гэтыя „шклінкі-маляванкі“, вывучала манеру, почырк і тэхніку малявання старых майстроў, невядомых народных мастакоў», — расказала загадчыца аддзела традыцыйнай культуры АГКЦ Ларыса Быцко.
Марыя Кулецкая не капіруе традыцыйныя ўзоры, а стварае свае арыгінальныя творы. Многія з іх зроблены па матывах народных абрадаў і свят, характэрных для беларускай нацыянальнай культуры. Сюжэтамі для яе карцін на шкле служаць прыгажосць родных мясцін і людзі, якія жывуць на гэтай зямлі. Майстар натхняецца вобразамі праваслаўных свят і анёлаў.
Творчасць народнага майстра рознабаковая і шматгранная: акрамя роспісу па шкле, гэта яшчэ і жывапіс, саломапляценне, ткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, выцінанка.
Марыя Кулецкая — удзельнік і дыпламант шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, фестываляў і конкурсаў. Многія яе работы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Італіі. Чатыры карціны народнага майстра з Пружанскага раёна можна ўбачыць у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры.

Звязда, 20 снежня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/165/57656
Текущая дата: 18.11.2024