Белорусский портал в Казахстане

У Гомелі памерла ветэран Вялікай Айчыннай вайны Любоў Нятупская - тая самая тэлеграфістка, якая паведаміла пра Вялікую Перамогу ў 1945 годзе



Любові Нятупскай было 100 год.

Дзяўчыне з падмаскоўнага Ступіна, Любові Нятупскай (у дзявоцтве Пудоўкінай) у пачатку вайны споўнілася 20 гадоў. Яна, студэнтка-трэццякурсніца Маскоўскага бібліятэчнага інстытута, імкнецца трапіць на фронт.

Спачатку залічана ў асобны запасны тэлеграфны батальён. Пасля — служба ў штабе 1-га Беларускага фронту, удзел у вызваленні Беларусі, Польшчы і Германіі. 2 мая 1945 год, у дзень узяцця Берліна, разам з першымі тэлеграфнымі групамі ўступіла ў горад, адказвала за наладжванне сувязі паміж ударнымі войскамі. У ноч на 9 мая Любоў Нятупская перадала ў Маскву звесткі пра падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі гітлераўскай Германіі. За баявыя заслугі ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй».

З канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя сваё жыццё Любоў Нятупская звязала з Гомелем. Прыехала жыць бліжэй да дачкі. Беларускі горад над Сожам і ветэрана вайны яднала і агульная значная дата — 26 лістапада — быў дзень нараджэння Любові Аляксееўны і дзень вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У лістападзе яна прымала віншаванні са 100-годдзем. Яе сэрца перастала біцца 6 снежня. Пахавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ў Добрушы.

Наталля Капрыленка
Звязда, 9 снежня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/166/57455
Текущая дата: 18.11.2024