Белорусский портал в Казахстане

У Гомелі адкрылася выстава выцінанкі



Выстава выцінанкі «Зімовыя карункі» пачала сёння работу ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці, паведамілі ва ўстанове.

Экспазіцыю падрыхтавалі майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Гомельскай вобласці. Наведвальнікі цэнтра ўбачаць аўтарскія навагоднія пано, паштоўкі, выкананыя ў тэхніцы выцінанкі. Дадаткам выставы стануць вырабы майстрыхі, каруначніцы Галіны Кавалёвай. Сурвэткі, абрусы, шалі, звязаныя спіцамі або кручком, у спалучэнні з ўзорамі выцінанкі створаць пераднавагоднюю казачную атмасферу.

Захаваць прыгажосць творчасці можна будзе ў арыгінальных фотазонах.

Выцінанка — ажурны карунак, выразаны з белай, чорнай ці каляровай паперы. Узнікненне выцінанкі ў Беларусі звязваецца з развіццём прамысловай вытворчасці паперы і датуецца ХIV стагоддзем, адзначылі ў абласным цэнтры народнай творчасці.

«Сучасныя дызайнеры і афармляльнікі ацанілі выразныя мастацкія асаблівасці выцінанкі і выкарыстоўваюць яе ў творчасці як тэхніку графічнага мастацтва для афармлення кніг, плакатаў, паштовак, календароў. Да таго ж да нашых дзён у побыце беларусаў захавалася выразанне сняжынак з паперы для ўпрыгожвання вокнаў да навагодняга свята», — звярнулі ўвагу ва установе.

Выстава будзе працаваць па 15 студзеня. Уваход вольны.

Звязда, 11 снежня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/166/57548
Текущая дата: 18.11.2024