За што сям’ю могуць паставіць на ўлік, расказала начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Вікторыя Фіневіч.
Крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей вызначаны ў Кодэксе аб шлюбе і сям’і Рэспублікі Беларусь і дэталізаваны ў пастанове Савета Міністраў. І нормы гэтыя не новыя, аднак практыка пракурорскага нагляду за апошнія некалькі гадоў паказала неабходнасць удакладнення паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетніх для павышэння ўзроўню абароны дзяцей, адзначыла Вікторыя Фіневіч.
Так, па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры ўрад у снежні 2023 года ўнёс змены ў пастанову Савета Міністраў «Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы» і дапоўніў крытэрыі САП.
У прыватнасці, непаўналетні можа быць прызнаны які знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, калі ў дачыненні да бацькоў усталююць факты сэксуальнага гвалту ў адносінах да дзіцяці, факты здзяйснення бацькамі правапарушэння ў стане, выкліканым спажываннем наркотыкаў, або факты ўхілення ад дыспансэрнага назірання, якое здзяйсняецца ў сувязі з наяўнасцю хранічнага ці зацяжнога псіхічнага засмучэння альбо наяўнасцю сіндрому залежнасці ад алкаголю ці наркотыкаў.
Да ліку паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча таксама аднесены выпадкі, калі абодва бацькі або адзіны бацька на працягу больш за тры месяцы не працуюць або не ажыццяўляюць іншую дзейнасць, не забароненую заканадаўствам. Аналагічна пры неналежным расходаванні пенсій, дзяржаўных дапамог, аднаразовых выплат, назначаных на дзіця, матэрыяльнай дапамогі, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. З-за чаго не задавальняюцца асноўныя жыццёвыя патрэбнасці дзіцяці, няма ежы, адзення, абутку, месца для адпачынку, заняткаў і гульняў.
Вікторыя Фіневіч падкрэсліла, што ўсе гэтыя ініцыятывы ідуць ад жыцця, за кожнай з іх — комплексныя пракурорскія праверкі, праведзеныя як у ходзе планавай работы, так і па канкрэтных жыццёвых абставінах.
Звязда, 1 чэрвеня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/17/74353
Текущая дата: 15.11.2024