Белорусский портал в Казахстане

Аперацыя "Баграціён": зводка Саўінфармбюро за 10 ліпеня 1944 года



Тэрыторыю сучаснай Беларусі вызвалілі ў рамках наступальнай аперацыі "Баграціён" (часам яе называюць проста Беларускай аперацыяй).

На ўсход ад горада Мінск войскі 2-га Беларускага фронту працягвалі знішчэнне акружаных груп праціўніка. За 9 ліпеня нашы войскі ўзялі ў палон 3.500 нямецкіх салдат і афіцэраў. Нашым войскам здаліся ў палон са сваімі штабамі камандзір 12-га вайсковага корпуса і выконваючы абавязкі камандуючага 4-й нямецкай арміяй генерал-лейтэнант Мюлер і камандзір 260-й пяхотнай дывізіі генерал-маёр Клямт.

На поўдзень ад горада Ліда нашы войскі з баямі прасоўваліся наперад і занялі больш за 80 населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Агароднікі, Сялец, Нагародавічы, Зачэпічы, Погіры, Ятвезь, Гірычы, Вензавец, Явар, Шастакі і чыгуначныя станцыі Мінойты, Нёман, Яцукі.

Войскі 1-га Беларускага фронту фарсіравалі раку Шара на ўчастку працягласцю 60 кіламетраў і авалодалі буйным вузлом камунікацый – горадам Слонім, а таксама з баямі занялі больш за 50 іншых населеных пунктаў, у тым ліку раённы цэнтр Баранавіцкай вобласці Быцень, буйныя населеныя пункты Бабанічы, Парэчча, Альберцін, Шылавічы, Міронім, Гнойна, Чамелы, Магіліца і чыгуначныя станцыі Альберцін, Дамакова. Нашымі часцямі ўзяты ў палон начальнік інжынернай службы 9-й арміі немцаў генерал-маёр Шміт.

Адначасова на Пінскім напрамку войскі 1-га Беларускага фронту авалодалі горадам і буйным чыгуначным вузлом Лунінец, а таксама з баямі занялі больш за 40 іншых населеных пунктаў, у тым ліку раённы цэнтр Пінскай вобласці горад Давыд-Гарадок, буйныя населеныя пункты Бастынь, Дзятлавічы, Двожац, Вічын, Язвінкі, Ракітна, Бярэзцы, Маладзельчыцы, Барычэвічы, Колбы, Лапацін і чыгуначныя станцыі Лушча, Дзятлавічы і Прыпяць.

Бамбардзіраванне нашай авіяцыяй чыгуначных вузлоў Брэст і Араны

У ноч на 10 ліпеня наша авіяцыя зрабіла масіраваныя налёты на чыгуначныя вузлы Брэст і Араны (на паўднёвы захад ад Вільні).

У выніку бамбардзіроўкі на чыгуначным вузле Брэст узнікла звыш дваццаці пажараў. На тэрыторыі, дзе гарэлі нямецкія воінскія эшалоны, адзначана некалькі выбухаў. У паўночнай частцы чыгуначнага вузла ў раёне складоў праціўніка адбыўся выбух вялікай сілы.

На чыгуначным вузле Араны бамбардзіроўкай выкліканы шматлікія пажары. У выніку моцных выбухаў агнём была ахоплена ўся тэрыторыя чыгуначнага вузла.
* * *
На ўсход ад горада Мінска нашы войскі ліквідавалі разрозненыя часці акружанай групоўкі праціўніка. Палонныя расказваюць, што нямецкія войскі, якія трапілі ў "кацёл", атрымалі па радыё загад Гітлера, у якім афіцэрам прапаноўвалася ўсімі мерамі аднавіць расхістаную дысцыпліну і прабівацца ў паўднёва-заходнім напрамку. Па ўказанні гітлераўскай стаўкі, афіцэры падманваюць салдат, запэўніваючы іх, што буйныя сілы нямецкіх войск ідуць да іх на дапамогу з Мінска. Да гэтага часу ад салдат скрываюць, што Мінск і Баранавічы заняты савецкімі войскамі. Нашы войскі грамяць варожыя атрады, якія хаваюцца ў лясах. За мінулы дзень, паводле няпоўных звестак, знішчана звыш 2 тысяч гітлераўцаў. Захоплены трафеі, у тым ліку 12 танкаў, 38 гармат, больш за 100 аўтамашын і 9 складоў з ваеннай маёмасцю. З кожным днём павялічваецца колькасць узятых у палон нямецкіх салдат і афіцэраў.
* * *
Войскі 1-га Беларускага фронту працягвалі паспяховае наступленне. Савецкія танкісты, пехацінцы і кавалерысты нанеслі праціўніку шэраг паслядоўных удараў і ўчора вечарам уварваліся на ўсходнюю ўскраіну горада Слонім. У гэты ж час іншыя нашы часці нанеслі немцам флангавыя ўдары на поўнач і на поўдзень ад горада і на шырокім фронце фарсіравалі раку Шара. У выніку імклівага абходнага манеўру і франтальнай атакі нашы войскі сёння авалодалі горадам і чыгуначнай станцыяй Слонім. Праціўнік панёс вялікія страты. Узяты ў палон начальнік інжынернай службы 9-й нямецкай арміі генерал-маёр Шміт. Гэта ўжо васемнаццаты па ліку нямецкі генерал, узяты ў палон нашымі войскамі за час наступлення, якое пачалося 23 чэрвеня.
* * *
На Пінскім напрамку наша пяхота, узаемадзейнічаючы з чырванафлотцамі Дняпроўскай ваеннай флатыліі, адначасовымі ўдарамі з поўначы, усходу і поўдня авалодала горадам і чыгуначным вузлом Лунінец.

Sputnik Беларусь, 10 чэрвеня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/17/74692
Текущая дата: 23.12.2024