Белорусский портал в Казахстане

У навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» прымуць удзел 15 тысяч маленькіх беларусаў



У гэтым годзе яна стартуе 10 снежня і працягнецца месяц.

Традыцыйна ў акцыю ўключацца органы дзяржаўнага кіравання, арганізацыі, падначаленыя ўраду, канцэрны, банкі, грамадскія арганізацыі і іншыя ўстановы. Плануецца, што ў дабрачыннай ініцыятыве паўдзельнічаюць 15 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей-інвалідаў па ўсёй краіне. Сёння ва ўрадзе прайшло чарговае пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па правядзенні дабрачынных навагодніх мерапрыемстваў для дзяцей, вучняў і студэнтаў.

«Зразумела, што пэўныя карэктывы ўнесла каранавірусная інфекцыя, гэтую тэму мы таксама сёння будзем закранаць разам з Міністэрствам аховы здароўя і Міністэрствам адукацыі, іншымі зацікаўленымі структурамі. Мы, зразумела, будзем рэалізоўваць комплекс мерапрыемстваў для таго, каб не дапусціць ці мінімізаваць рознага віду наступствы ад захворвання. Я думаю, што Новы год для дзяцей незалежна ад любых інфекцый павінен быць», — пра гэта заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка да пачатку пасяджэння журналістам.

У залежнасці ад эпідсітуацыі ў кожным рэгіёне і ўстанове будуць прымацца адпаведныя меры бяспекі. Магчыма ўвядзенне на святах масачнага рэжыму, абмежаванне колькасці ўдзельнікаў, увядзенне нормаў сацыяльнага дыстанцыравання. Але, як дадаў Ігар Петрышэнка, незалежна ад гэтага кожнае дзіця атрымае свой падарунак.

Па словах намесніка старшыні ўрада, дабрачынная акцыя выклікае ўнутраны пад’ём не толькі ў дзяцей, але і ў службовых асоб, якія ўдзельнічаюць у віншаванні.

Галоўнай падзеяй акцыі стане галоўная ёлка краіны з удзелам Прэзідэнта. На яе запросяць амаль 2400 дзяцей ад 8 да 14 гадоў з усіх рэгіёнаў краіны. Не абмінуць увагай і старэйшых вучняў са студэнтамі. Для іх арганізуюць рэспубліканскі навагодні баль.

Аўтар: Марыя Дадалка
Звязда, 4 лістапада 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/170/56781
Текущая дата: 18.11.2024