Белорусский портал в Казахстане

Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар кампазітара Алега Молчана адбудзецца 26 кастрычніка ў Мінску



Аб гэтым паведаміла ўдава кампазітара спявачка Ірына Відава.

Адкрыццё адбудзецца ў 12.00 на вуліцы Ракаўскай, 20 на доме, у якім нарадзіўся кампазітар. Ідэя аб тым, якой павінна быць мемарыяльная дошка Алегу Молчану, належыць Ірыне Відавай, а рэалізавалі яе вядомыя беларускія скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў.

"Праект рэалізаваны пры ўдзеле Нацыянальнага фонду падтрымкі праваўладальнікаў (Расія) і арганізацыйным садзейнічанні Беларускага саюза музычных дзеячаў. Усе неабходныя дакументы для размяшчэння мемарыяльнай дошкі кампазітару Алегу Молчану Міністэрствам культуры і Мінгарвыканкамам былі ўзгоднены даволі хутка", - расказала Ірына Відава.

Вядомы беларускі кампазітар Алег Молчан пайшоў з жыцця 26 кастрычніка 2019 года ў Жэневе, знаходзячыся на лячэнні анкалагічнага захворвання, з якім змагаўся каля трох гадоў. Да 55-гадовага юбілею маэстра пры ўдзеле Ірыны Відавай адбыліся два канцэрты і канцэрт памяці "Там, высока", у якім прагучалі не толькі песенныя хіты, але і інструментальная, і харавая музыка. Акрамя таго, пачаў работу сайт olegmolchan.com.

Выдатны беларускі кампазітар з 1987 года працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, пісаў песні і песенныя цыклы для салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, харавых калектываў і вакальных ансамбляў. Міжнароднае прызнанне атрымаў у перыяд супрацоўніцтва з ансамблем "Песняры" і яго мастацкім кіраўніком народным артыстам Беларусі Уладзімірам Мулявіным. Алег Молчан узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, быў лаўрэатам міжнародных і нацыянальных музычных прэмій і конкурсаў.

19 кастрычніка 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/172/56541
Текущая дата: 18.11.2024