Белорусский портал в Казахстане

Навагрудак адсвяткаваў 975-годдзе



Тэатральныя пастаноўкі, гістарычныя рэканструкцыі, канцэрты, адкрыццё новых устаноў, падарожжа ў мінулае праз прэзентацыю кнігі і многае іншае ў якасці падарунка атрымаў горад да юбілею.

Падарожжа праз час

«Слаўны горад Навагрудак у гісторыях і легендах» паўстаў перад гледачамі падчас тэатралізаванага пралогу з аднаіменнай назвай. Гасцям паказалі самыя значныя падзеі, якія адбываліся тут цягам амаль дзесяці стагоддзяў.

Ад часоў Вялікага княства Літоўскага, Грундвальцкай бітвы, часоў росквіту краю да Вялікай Айчыннай вайны, калі на Навагрудчыне загінула звыш за 45 тысяч чалавек, і сучаснага энергаэфектыўнага развіцця юбіляра.

— Навагрудак стаў першай сталіцай ВКЛ. Нароўні з Туравам і Полацкам ён мае першаснае значэнне для захавання гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Па славутасцях горада, як па кнізе, можна чытаць гісторыю роднага краю, — заўважыў, віншуючы горад са святам, Сяргей Федчанка, старшыня Навагрудскага райвыканкама. — З Навагрудчынай звязаны імёны шматлікіх вядомых людзей: ад апошняга канцлера ВКЛ Іосіфа Храбтовіча, паэта Адама Міцкевіча і пісьменніка Язэпа Драздовіча да васьмі герояў Сацыялістычнай працы і сучасных выбітных спартсменаў, аграрыяў, вучоных.

Да 975-годдзя з моманту першага летапіснага ўспаміну пра Навагрудак Уладзімір Ліхадзедаў выпусціў кнігу «Навагрудак. «Падарожжа праз час», якую ён прэзентаваў на юбілеі. Некаторыя паштоўкі і малюнкі з выявамі горада з гэтага выдання ўпершыню пабачылі свет.

Да дня нараджэння Навагрудка ў горадзе адкрылі памятны знак «Уязная брама», сквер і тэрытарыяьны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Гісторыя ў сучасным

У Навагрудку ў XIII стагоддзі пры князе Міндоўгу прымалася рашэнне аб стварэнні ВКЛ, праз два стагоддзі тут пачаўся адлік праўлення дынастыі Ягелонаў. Тут пачаўся рух супраціўлення крыжакам.

— Дзень нараджэння Навагрудка яднае мінулае і сучаснае. Розныя пакаленні гараджан стваралі яго воблік, і горад захоўвае памяць пра легендарных асоб і лёсавырашальныя падзеі. Час ідзе, мяняецца краіна і воблік горада. Над полем барацьбы, так званым Навагрудскім катлом, дзе больш як на тыдзень савецкія войскі затрымалі наступленне немцаў падчас вайны, цяпер каласуе жыта і гуляюць вятры сучаснага ветрапарку Беларусі, — распавядаў пра гістарычнае багацце юбіляру Віктар ЛІСКОВІЧ, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама.

Адным з галоўных падарункаў гораду стаў фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Меч караля». Турнір лучнікаў, конныя баі, дымавыя завесы і відовішчныя турніры паміж рыцарамі на полаксах, кінжалах, баявых цапах, дзідах, маргенштэрнах і іншых відах узбраення зачароўвалі гледачоў сваёй відовішчнасцю і сапраўднасцю.

Арганізатары фестывалю сцвярджалі, што некаторыя рэчы яны паказалі ўпершыню. Напрыклад, страляніну па мішэнях сапраўднымі баявымі стрэламі і конныя сшыбкі на ўсім скаку. Аднаго рыцара, дарэчы, выкінулі з сядла, а двух нават увогуле не дапусцілі да ўдзелу, бо іх амуніцыя не дазваляла вытрымаць такой бойкі.

Апафеозам фестывалю стала тэатралізаванае вянчанне і шлюб караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Ягайлы з княжной Соф’яй Гальшанскай. Гэты саюз цягам двух наступных стагоддзяў уплываў на ход еўрапейскай палітыкі.

Аўтар: Ірына Сідарок
Звязда, 6 красавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/173/56411
Текущая дата: 17.11.2024