Брэсцкі тэатр лялек адкрые 5 верасня новы тэатральны сезон прэм`ерай, паведаміла дырэктар тэатра Тамара Паўлюковіч.
Юным гледачам пакажуць спектакль "Пералётныя" ў пастаноўцы рэжысёра Алісы Ярмак. У аснову пакладзены мультфільм сучаснага расійскага ілюстратара, сцэнарыста і прадзюсара Юліі Аронавай. Кранальная гісторыя курачкі-фантазёркі Зіны, якая марыць навучыцца лятаць, мае глыбокі філасофскі сэнс, эфект якога ўзмацняюць сцэнаграфія мастака Вольгі Мельнік-Малахавай і гукавы рад Канстанціна Крыштаповіча. Спектакль вучыць не здавацца на дарозе да сваёй мары, імкнуцца да дасягнення пастаўленай мэты.
Адной прэм`ерай адкрыццё 58-га тэатральнага сезона не абмяжуецца. У гэты ж дзень у 13.00 брэсцкія лялечнікі пакажуць сваім гасцям казку Валянціна Катаева "Кветачка-вясёлка". А ў гульнявым пакоі адбудзецца невялікі спектакль для гледачоў двух гадоў з іх мамамі "Гісторыя пра хцівых медзведзянят". У праграме свята таксама - флэш-моб ад харэаграфічнай студыі, майстар-клас ад студыі творчага развіцця, вступленне выхаванцаў студыі эстраднага вакалу.
"Актыўна рыхтуемся да доўгачаканай сустрэчы з гледачамі. Будзем працаваць на поўную сілу, таму што гатовы і хочам гэтага. Вельмі спадзяёмся, што новы тэатральны сезон будзе ўдалым. Ва ўсякім разе, адна прыемная навіна ўжо ёсць. Наш спектакль "Сотнікаў" намініраваны на Нацыянальную тэатральную прэмію і прайшоў ужо ў другі тур. Паказ адбудзецца ў кастрычніку на Х форуме тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ". Мы ўжо атрымалі запрашэнне", - сказала дырэктар БТЛ.
Паводле яе слоў, у тэатры пачалі ўжо працаваць над новай пастаноўкай у суаўтарстве з маладым беларускім драматургам Дзмітрыем Багаслаўскім. Рабочая назва спектакля для дзяцей - "Крылы матылька". Рэжысёрам выступае Аліса Ярмак, над сцэнаграфіяй працуе мастак Уладзімір Ткачэнка. Адначасова ідзе падрыхтоўка да Новага года. Вядомы беларускі рэжысёр Ігар Казакоў і мастак Вольга Дваравая паставяць на сцэне новага Брэсцкага тэатра лялек спектакль па матывах твораў Ханса Крысціяна Андэрсена.
31 жніўня 2020, Брэст
БЕЛТА
31 жніўня 2020, Брэст
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/177/55808
Текущая дата: 17.11.2024