Выстава "Да сустрэчы на сцэне!", прымеркаваная да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, адкрылася 11-га жніўня ў Нацыянальным гістарычным музеі.
"Беларускае тэатральнае мастацтва мае моцны падмурак і глыбокія вытокі. У нас заўсёды былі таленавітыя людзі, якія станавіліся народнымі фігурамі, - сказаў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька. На выставе дэманструецца больш за сотню экспанатаў з нашых фондаў, якія раней не былі прадстаўлены публіцы. Спецыяльна для праекта быў створаны цыкл коміксаў, графічныя ілюстрацыі, замалёўкі, якія сталі метафарычным адлюстраваннем тэатральных прафесій і падзей, звязаных з гісторыяй тэатра і Беларусі".
Аўтары выставы раскажуць наведвальнікам аб станаўленні і развіцці найстарэйшага беларускага тэатра. Сёння Купалаўскі - адзін з некалькіх беларускіх тэатраў, у асноўным арыентаваны на нацыянальную драматургію. Ідэя праекта "Да сустрэчы на сцэне!" - паказаць складаны тэатральны механізм, у якім узаемадзейнічаюць драматургі, мастакі па касцюмах, рэжысёры і акцёры.
"Да сустрэчы на сцэне!" не проста храналогія і сухі спіс фактаў, а спроба адлюстраваць гісторыю беларускага нацыянальнага тэатра скрозь прызму жыцця людзей, у тым ліку такіх асоб, як Францішак Аляхновіч, Фларыян Ждановіч, Леў Літвінаў, Барыс Платонаў. Выстава асвятляе падзеі мірнага жыцця, дзейнасць тэатра ў гады Вялікай Айчыннай вайны - жыццё купалаўцаў у час эвакуацыі ў Томску і работу франтавых брыгад.
"Стагадовая гісторыя тэатра - гэта паўнацэннае адлюстраванне гісторыі краіны, - адзначыла вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Наталля Мартынава. - У стварэнні спектакляў прымалі ўдзел не толькі акцёры, рэжысёры, драматургі, пра якіх шмат вядома, але і мастакі, касцюмеры, работнікі сцэны - байцы нябачнага фронту. Тут прадстаўлена калекцыя фотаздымкаў, кніг, дакументаў, паштовак, афіш, асабістыя рэчы купалаўцаў, якія паказваюць усе бакі працы вялікага тэатральнага калектыву".
Музейны праект арганізаваны сумесна з Нацыянальным архівам Беларусі, Музеем гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва.
11 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА
11 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/181/55248
Текущая дата: 17.11.2024