Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў рашуча рэагаваць на дэструктыў у СМІ, нягледзячы на электаральную кампанію



Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 23-га ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу адказных асоб, уключаючы Адміністрацыю Прэзідэнта, на неабходнасць удзяляць больш пільную ўвагу рабоце на інфармацыйным полі: "Вядома, мяне здзіўляе апошнім часам работа Адміністрацыі Прэзідэнта, прэс-сакратара, ды, думаю, і Наталля Іванаўна (старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.) магла б на гэта больш уважліва паглядзець".

Пры гэтым размова ідзе не толькі пра інтэрнэт, але і пра традыцыйныя СМІ, напрыклад, газеты.

"Паглядзіце на папяровыя СМІ. Я сёння ўзяў усе газеты, паглядзеў на так званую "Комсомольскую правду" ў Беларусі. Ужо хутка ў жаўцізну ператворыцца. Бачыце, кіраўнік іх, седзячы ў Маскве, не то ў Крамлі, выступіў з заявай, і пачалася тэндэнцыйная падача інфармацыі, - адзначыў Прэзідэнт. - Няхай паедуць у поле, дзе сёння ідзе сапраўды бітва, барацьба за ўраджай. Небывалы ўраджай на палях сёння стаіць. Здыміце, раскажыце, сфатаграфуйце камбайнера-тысячніка. Раскажыце аб гэтых простых людзях-рабацягах, якія кормяць краіну. Усе ж заўтра пабягуць у магазіны, гэтыя пісакі, каб купіць кавалак хлеба сабе, родным, блізкім, дзецям".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад адказных асоб выконваць свае абавязкі, а не чакаць тых ці іншых спецыяльных указанняў. "Слухайце, мы гаспадары ў гэтай краіне. Выконвайце свае абавязкі. Не можаце - скажыце, што вы не можаце. Будуць іншыя гэтым займацца", - сказаў беларускі лідар.

"Ды і ва ўрадзе ў нас, Міністэрстве замежных спраў усе сядзяць, чакаюць каманды Прэзідэнта. Што гэта за стаўленне да краіны? BBC, "Свабода", "Свабодная Еўропа" і гэтак далей, стрымы гэтыя... Я ўжо не кажу пра тэндэнцыёз, яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў. Чаму вы гэта церпіце? Вы ж іх акрэдытавалі тут", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на неабходнасць прымаць у такіх выпадках адпаведныя меры, нягледзячы на перадвыбарны перыяд: "Не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі. Адпраўляйце адсюль, калі яны не выконваюць нашы законы і завуць людзей на майданы".

"Паўтараць больш не буду, нягледзячы на тое, што мы ўвайшлі ў гэты складаны электаральны перыяд. Гэта ж нядобра - знявага за знявагай. Няхай мяне там выпацкалі ўздоўж і ўпоперак. Ужо накінуліся на ні ў чым не вінаватых старшынь участковых камісій. А ў іх жа сем`і, дзеці", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

23 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/184/54770
Текущая дата: 17.11.2024