Белорусский портал в Казахстане

Першую кнігу народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны прэзентавалі ў Мінску



Першую кнігу "Народнага летапісу Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх" прэзентавалі ў Мінску.

"Акцыя па стварэнні народнага летапісу была ініцыявана Нацыянальнай акадэміяй навук у сакавіку і адразу ж атрымала вялікі водгук сярод беларусаў. Мы збіраем матэрыялы, успаміны, дакументальныя сведчанні, фотаздымкі, звязаныя з удзельнікамі вайны. Любы жадаючы можа прыслаць гэтыя матэрыялы ў Інстытут гісторыі НАН, дзе праводзіцца іх навуковая апрацоўка, фарміруецца электронная база. Сёння мы прадстаўляем першы вынік унікальнага праекта - кнігу. У перспектыве спадзяёмся стварыць яшчэ і асобны сайт", - сказаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч.

Ён растлумачыў неабходнасць правядзення такой акцыі тым, што з кожным годам становіцца ўсё менш непасрэдных удзельнікаў падзей вайны, пры гэтым не спыняюцца спробы скажэнняў і фальсіфікацый.

"Для нас вельмі важна захаваць гістарычную памяць пра тое, што менавіта савецкі народ вынес на сабе асноўны цяжар Перамогі ў вайне. Каб адчуць, што тады адбывалася, трэба звярнуцца да гісторыі кожнай сям`і", - адзначыў вучоны.

У першую кнігу народнага летапісу ўвайшло 40 матэрыялаў, якія паступілі ў Інстытут гісторыі раней за іншыя. Як правіла, у адным матэрыяле ідзе гаворка пра ўклад некалькіх людзей у Перамогу, таму ў выданні ў цэлым прадстаўлены каля 60 удзельнікаў вайны. "Акцыя доўгайграючая, збор матэрыялаў прадаўжаецца. Іх можна накіроўваць па электроннай або звычайнай пошце або прынесці непасрэдна ў інстытут. На сёння да нас паступіла ўжо больш за 200 зваротаў, у тым ліку з Расіі", - дадаў Вячаслаў Даніловіч.

"Гісторыя пачынае па-сапраўднаму ўспрымацца тады, калі мы ведаем, хто павёў у атаку, хто кінуўся на амбразуру, што гэта быў за чалавек. Гэтых даных у архівах няма, але яны захоўваюцца ў народнай, сямейнай памяці. У кожнага з ваеннаслужачых, якія вярнуліся з фронту, была свая гісторыя. У іх выраслі дзеці, унукі, якія чулі іх расказы. І ўсё гэта мы фіксуем у народным летапісе", - звярнуў увагу загадчык аддзела ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Літвін.

Паводле яго слоў, плануецца падрыхтаваць серыю кніг. Мяркуецца, што наступны том будзе падрыхтаваны да канца года і выйдзе да 9 мая 2021-га. Будуць улічаны ўсе напрацоўкі, удакладнена канцэпцыя.

"Адразу мы бралі ўсе ўспаміны, якія прыходзілі, а цяпер у нас будзе выбар з некалькіх соцень матэрыялаў. Гэта дасць магчымасць канцэптуальна выбудаваць наступную кнігу", - дадаў вучоны.

Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Аляксандр Каваленя праінфармаваў, што 7 ліпеня адбылася анлайн-сустрэча гісторыкаў краін СНД, на якой абмяркоўваліся у тым ліку вынікі беларускіх даследаванняў, прысвечаных перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

"Мы адправілі ў Інстытут усеагульнай гісторыі Расійскай акадэміі навук прапанову аб сумесным стварэнні падручніка або дапаможніка для выкладчыкаў і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў краін СНД. Думаю, гэта работа будзе праведзена", - лічыць ён.

8 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/186/54538
Текущая дата: 17.11.2024