Белорусский портал в Казахстане

Выстава да 70-годдзя Аляксея Дударава адкрылася ў НББ



Юбілейная выстава "Яго жыццё - тэатр", прысвечаная 70-годдзю беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Аляксея Дударава, праходзіць па 3 жніўня ў Нацыянальнай бібліятэцы. Аб гэтым паведамілі ў НББ.

"У творчасці Аляксея Дударава ярка праявіліся характэрныя для 80-90-х гадоў тэндэнцыі да паглыбленага псіхалагічнага аналізу чалавечай асобы, вывучэння матываў яе ўчынкаў, маральных норм існавання. У сваіх творах аўтар піша аб сучаснасці, чалавеку на вайне, гістарычных асобах і падзеях. Творы Дударава вылучаюцца жанравай разнастайнасцю і арыгінальнай структурай сюжэта", - расказалі ў НББ.

Экспазіцыя ўключае аўтарскія і тэматычныя зборнікі твораў Аляксея Дударава, публікацыі ў часопісах, пераклады твораў пісьменніка на замежныя мовы, матэрыялы літаратуразнаўчага характару, водзывы на тэатральныя пастаноўкі. Прадстаўлены таксама інтэрв`ю з драматургам, бібліяграфічны паказальнік "Аляксей Дудараў" і энцыклапедычныя выданні з біяграфічнымі данымі пісьменніка: "Тэатральная энцыклапедыя", "Рэспубліка Беларусь", "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі", "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі", "Культура Беларусі".

Аляксей Дудараў вядомы як аўтар зборніка апавяданняў "Святая птушка", п`ес "Выбар", "Вечар", "Радавыя", "Парог", "Злом", "Чорная панна Нясвіжа", "Палачанка", "Узлёт", "Князь Вітаўт", "Усяслаў Чарадзей", драматычнай паэмы "Судны дзень Скарыны", кінааповесцей "Брэсцкая крэпасць", "Белыя росы", "Белыя росы. Вяртанне", кнігі казак для дзяцей "Сінявочка".

11 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/190/54059
Текущая дата: 17.11.2024