Белорусский портал в Казахстане

У абласных цэнтрах Беларусі пачалося ўсталяванне арт-аб’ектаў «Мова»



У шасці найбуйнейшых гарадах Беларусі з’явяцца арт-інсталяцыі са скульптур-літар, якія разам утвараюць слова «МОВА».

Мантаж першай з іх ужо завяршаецца на вуліцы Кірава ў Гомелі, а на працягу найбліжэйшых двух месяцаў кампанія А1 сумесна з ініцыятывай «Веліч роднай мовы» ўсталюе серыю такіх аб’ектаў таксама ў Брэсце, Магілёве, Віцебску, Гродне і Мінску.

Усе літары ўяўляюць сабой вулічную мэблю з дрэва і металу і маюць свой колер – у гэтым галоўная адметнасць арт-аб’ектаў. Па задуме іх аўтара, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, колеравая гама для інсталяцый у Гомелі, а таксама Брэсце, Магілёве, Віцебску, Гродне і Мінску падбіралася так, каб паказаць культурныя, гістарычныя і ландшафтныя адметнасці кожнага рэгіёна краіны. Пасля ўсталявання  каля кожнага арт-аб’екта плануецца стварэнне сеткі бясплатнага Wi-Fi ад А1.

«Праектам па падтрымцы беларускай мовы і ўвогуле нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў прысвечаны важны кірунак дзейнасці нашай кампаніі. Таму сёлета мы вырашылі спалучыць тэхналогіі з сучасным мастацтвам і зрабіць жыхарам Беларусі падарунак: усталяваць у шасці найбуйнейшых гарадах краіны арт-інсталяцыі „МОВА“. Спадзяёмся, што з цягам часу пры спрыяльных умовах гэтыя аб’екты стануць таксама папулярнымі месцамі адпачынку», — адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

Чырвоны, чорны, зялёны, жоўты ці залацісты, шэры і розныя адценні сіняга – асноўныя колеры, якія на працягу стагоддзяў атачалі беларусаў у побыце, архітэктуры і прыродзе. Гэта адлюстравана ў даследаваннях, на якіх грунтуецца ідэя праекта «МОВА», — канцэпцыі нацыянальных колеравых упадабанняў дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава (апісана ім у кнізе «Колер Беларусі»), а таксама ў рэканструкцыях народных строяў этнографа Міхаіла Раманюка.

Інсталяцыя ў Гомелі размешчана на вуліцы Кірава, 32а — побач з Інстытутам механікі металапалімерных сістэм. Для яе падабрана спалучэнне блакітнага, жоўтага, шэрага, чырвонага і чорнага колераў. Большасць з іх традыцыйна выкарыстоўваецца ў афіцыйнай геральдыцы Гомельшчыны. Акрамя таго, гэты рэгіён — поўдзень Беларусі, яе курортная частка, якую перасякаюць найбуйнейшыя рэкі краіны: Сож, Дняпро і Прыпяць. Водны ландшафт, пяскі пляжаў і водмеляў, мноства яго зялёных паркаў — усё гэта перадаецца праз мяккія рэлаксацыйныя колеры арт-аб’екта.

У Брэсце інсталяцыя «Мова» з’явіцца на перасячэнні вуліцы Савецкай і набярэжнай Францыска Скарыны. Для яе выбрана гарманічнае спалучэнне зялёнага, розных адценняў сіняга, чырвонага і чорнага. Затым арт-аб’ект з’явіцца на Траецкай набярэжнай Магілёва. Ён будзе з сімвалаў зялёнага, блакітнага, жоўтага, чырвонага і чорнага колераў.

У Віцебску на вуліцы Леніна перад мастом 1000-годдзя будзе ўсталяваная «МОВА», выкананая ў характэрных колерах творчага аб`яднання УНОВІС — жоўтым, чырвоным, чорным, залатым і сінім. Жоўты, розныя адценні сіняга, чырвоны і чорны — такое спалучэнне падабрана для скульптур на вуліцы Маставой у Гродне.

У Мінску ў скверы Адама Міцкевіча з’явіцца кампазіцыя з сіняга, зялёнага, жоўтага, чырвонага і чорнага сімвалаў.

Надзея Нікалаева
Звязда, 19 траўня 2020 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/193/53591
Текущая дата: 17.11.2024