Белорусский портал в Казахстане

Амаль 200 фатаграфій з гісторыямі аб ветэранах паступіла для папаўнення вэб-версіі нацыянальнага альбома "Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі"



Аб гэтым паведаміла загадчыца аддзела праектнай дзейнасці Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Лугоўская.

Амаль 200 фатаграфій з гісторыямі аб героях вайны папоўняць нацыянальны альбом памяці

"Віртуальную версію нацыянальнага альбома Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі запусціў 5 мая. Гэты анлайн-праект выклікаў вялікую цікавасць. Многія беларусы адгукнуліся на ініцыятыву расказаць пра герояў сваёй сям`і. Толькі за святочныя дні да нас паступіла каля 200 франтавых гісторый. Кожная з іх каштоўная не толькі для канкрэтнай сям`і, але і ў цэлым мае вялікую каштоўнасць для захавання памяці аб Вялікай Перамозе", - адзначыла Аляксандра Лугоўская.

Вучань сярэдняй школы нумар 67 Мінска Глеб Гіль расказаў пра свайго прадзеда Пятра Іванавіча Купцова. У складзе 24-га асобнага танкавага палка ён у 1939 годзе ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, з лістапада 1939-га па сакавік 1940 года - у савецка-фінскай вайне. Ён удзельнік Керчанска-Феадасійскай дэсантнай аперацыі 1941 года, у выніку якой была вызвалена Феадосія і ўвесь Керчанскі паўвостраў. Быў забіты 27 лютага 1942 года ў час наступлення савецкіх войскаў у раёне Ак-Манайскіх пазіцый.

Дзядуля старшай медыцынскай сястры педыятрычнага аддзялення Талачынскай цэнтральнай раённай бальніцы Марыі Васілеўскай Уладзімір Сямёнавіч Васілеўскі быў прызваны на фронт у 1941 годзе ў 131-ы стралковы полк, потым накіраваны ў 152-і армейскі запасны стралковы полк 2-й ударнай арміі. Ваяваў на Волхаўскім, Ленінградскім і 2-м Беларускім франтах. Узнагароджаны медалямі "За баявыя заслугі" і "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.".

Вучаніца сярэдняй школы нумар 9 Слуцка Вольга Раманенка расказала пра свайго прапрадзядулю - Героя Савецкага Саюза Аляксандра Фаміча Раманенку. Ён удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. 11 лютага 1945 года гвардыі падпалкоўнік Аляксандр Раманенка ў раёне населенага пункта Нідэр-Гропэ (Германія) з узводам сапёраў на двух танках прарваўся ў тыл ворага, захапіў мост цераз раку Бубр і ўтрымаў яго. Пад моцным агнём праціўніка 18 красавіка 1945 года ажыццявіў разведку ракі Шпрэе, адшукаў броды і забяспечыў пераправамі часці корпуса.

Прабабуля вучня сярэдняй школы нумар 67 Мінска Арсенія Аўсянскага Антаніна Пятроўна Ткачова (Радкевіч) пайшла на фронт у 1942 годзе санінструктарам у 78-ю асобную Сталінскую брыгаду добраахвотнікаў-сібіракоў. Вынесла з поля бою больш за 60 салдат і афіцэраў. Удзельнічала ў Курскай бітве. Узнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі і Вялікай Айчыннай вайны I ступені, медалямі "За адвагу" і "За баявыя заслугі".

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы нумар 8 Крычава Лізавета Фралянкова прыслала гісторыю стрыечнага прадзядулі Міхаіла Аляксандравіча Талкачова, які ўсю вайну служыў у лётных войсках, прымаў удзел у аперацыях па вызваленні Беларусі. Мае медалі "За адвагу", "За ўзяцце Кёнігсберга", "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне", "За перамогу над Японіяй". У мірны час стаў лётчыкам-інжынерам, атрымаў ордэны "Знак Пашаны" і тры ордэны Чырвонай Зоркі. Выйшаў у адстаўку ў званні палкоўніка.

Моладзевую ініцыятыву аб стварэнні нацыянальнага альбома памяці да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 9 мая 2019 года на плошчы Перамогі ў Мінску падтрымаў Прэзідэнт. Падчас моладзевага марафону "75" актывісты БРСМ сабралі ўнікальны хранікальна-дакументальны матэрыял пра воінаў-вызваліцеляў, партызанаў-падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу - ураджэнцаў нашай краіны. Альбом "Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі" з фатаграфіямі і кароткімі гісторыямі вызваліцеляў Беларусі быў створаны да Дня Незалежнасці. Яго неад`емнай часткай стаў мультымедыйны дадатак. У юбілейны год Перамогі саюз моладзі прадоўжыў збіраць гісторыі. Так нарадзілася ідэя віртуальнага альбома памяці.

Вэб-версія "Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі" складаецца са стылізаваных старонак з фатаграфіямі герояў, змяшчае іх кароткія біяграфіі. Галоўны слоган праекта - "Беларусь памятае. Памятаем кожнага". Стварэнне віртуальнага альбома будзе прадаўжацца. Уся неабходная інфармацыя для жадаючых паўдзельнічаць у праекце размешчана на пляцоўцы online-albom.by.

"Кожны наведвальнік партала зможа паўдзельнічаць у напаўненні віртуальнага альбома, - падкрэсліла загадчыца аддзела. - Для гэтага на адрас электроннай пошты ncalbom@gmail.com неабходна адправіць фатаграфію з інфармацыяй пра героя сваёй сям`і - удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым трэба напісаць яго поўнае імя, пазначыць месца і дату нараджэння, воінскае званне, гады службы, месцы бітваў, пералічыць, якімі ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны. У пісьме абавязкова трэба расказаць крыху пра сябе: імя, дзе працуеце або вучыцеся". Аляксандра Лугоўская дадала, што сёння актыўна апрацоўваюцца пададзеныя хранікальна-дакументальныя матэрыялы для іх хутчэйшага размяшчэння ў вэб-версіі альбома.

Нацыянальны альбом стаў часткай рэспубліканскага патрыятычнага праекта "Кветкі Вялікай Перамогі", сімвалам якога з`яўляецца яблыневы цвет і чырвона-зялёная стужачка.

11 мая 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/194/53390
Текущая дата: 17.11.2024