Белорусский портал в Казахстане

Няма сумненняў, што беларускія ўрачы паспяхова пераадолеюць сітуацыю з COVID-19



Такое меркаванне выказала загадчыца кафедры фтызіяпульманалогіі з курсам ФПКіП Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта кандыдат медыцынскіх навук Ірына Буйневіч.

Клінічная база кафедры - абласная туберкулёзная клінічная бальніца. "Усе нашы супрацоўнікі вядуць лячэбную работу ў аддзяленнях бальніцы. Акрамя таго, аказваем кансультатыўную, арганізацыйна-метадычную дапамогу іншым арганізацыям аховы здароўя горада і вобласці", - удакладніла Ірына Буйневіч. Паводле яе слоў, абласная туббальніца арыентавана на прыём пацыентаў з цяжкімі пнеўманіямі.

"Гэта спецыялізаваная ўстанова, абласны пульманалагічны цэнтр. Менавіта тут сканцэнтравана ўся пульманалагічная паталогія", - сказала яна.

Для лячэння пацыентаў, у тым ліку з пнеўманіяй, выкліканай COVID-19, у бальніцы ёсць неабходныя рэсурсы, матэрыяльна-тэхнічная база, прэпараты.

"Што датычыцца каранавіруснай пнеўманіі, то, як вядома, спецыфічнага лячэння пакуль няма. Ёсць эксперыментальныя схемы. Гэтыя прэпараты назначаюцца кансіліумам урачоў пасля згоды пацыента. І гэтымі прэпаратамі ўстанова забяспечана", - падкрэсліла субяседніца. Таксама падрыхтаваны 12 цалкам аснашчаных рэанімацыйных ложкаў.

Для медперсаналу створаны запас сродкаў індывідуальнай аховы - у патрэбнай колькасці і адпаведнай якасці.

"Няма сумненняў, што мы паспяхова пераадолеем сітуацыю з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі. Няхай у такім сусветным маштабе захворванне фіксуецца ўпершыню, але ў 2009 годзе, калі была эпідэмія свінога грыпу, спачатку было складаней", - правяла паралель Ірына Буйневіч. Пнеўманіі, выкліканыя свіным грыпам, прагрэсіравалі значна хутчэй.

"Бывалі сітуацыі, калі раніцай чалавек практычна здаровы, ідзе на работу, а вечарам ён ужо на апараце ШВЛ. Дыхальная недастатковасць развівалася імкліва - літаральна на працягу некалькіх гадзін. Пры каранавіруснай пнеўманіі такога не назіраем. Калі ўсё праходзіць паступальна, тады ёсць час прыняць неабходныя меры", - растлумачыла кандыдат медыцынскіх навук.

Яна дадала, што ў гомельскіх урачоў ёсць магчымасць выкарыстоўваць вопыт мінскіх і віцебскіх калег, паколькі ў рэгіёне распаўсюджванне захворвання пачалося пазней.

"У той жа час увесь свет сутыкнуўся з праблемай адсутнасці лякарства супраць каранавіруса, а процігрыпозныя прэпараты ёсць, і своечасовае іх назначэнне істотна павялічвае шанцы пацыента на выздараўленне", - сказала субяседніца.

Ірына Буйневіч звярнула ўвагу, што ў гэтым годзе рэгіструецца больш пнеўманій, чым у мінулым. "Самыя частыя пнеўманіі - бактэрыяльныя", - падкрэсліла яна. Даволі частая сітуацыя, калі пнеўманію пераносяць "на нагах".

"Не заўсёды хвароба праходзіць у цяжкай форме. Чалавек нават можа не ўсведамляць, што ён хварэе. Некалькі дзён хворы можа адчуваць недамаганне, мець невялікую тэмпературу, асабліва вечарам, павышаную стамляльнасць, санлівасць. Нейкія змяненні потым можна ўбачыць на чарговай рэнтгенаграме", - растлумачыла Ірына Буйневіч.

Гаворачы аб сімптомах COVID-19, загадчыца кафедры канстатавала іх падабенства на сімптомы ВРВІ: "Часцей за ўсё пры каранавірусных пнеўманіях сустракаецца ліхаманка, кашаль, як правіла, сухі, пры прагрэсіраванні захворвання развіваецца задышка".

Спецыяліст дала рэкамендацыю: калі ў чалавека ёсць сімптомы захворвання, трэба выклікаць урача або самастойна звярнуцца ў паліклінікі - цяпер у іх адкрылі кабінеты для пацыентаў з тэмпературай, яны ідуць асобным патокам. І вядома, падумаць пра бяспеку сваіх блізкіх, звёўшы да мінімуму кантакты.

"Канчатковы дыягназ ставіцца пасля правядзення комплексу абследаванняў: рэнтгеналагічнага абследавання або камп`ютарнай тамаграфіі (неабходнасць правядзення якой вызначае ўрач), тэсціравання, агульнага аналізу крыві, біяхіміі", - дадала Ірына Буйневіч.

Паводле яе слоў, у існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі кожны чалавек павінен выконваць прафілактычныя меры для папярэджання захворвання, інфіцыравання, асабліва ўважліва ставіцца да свайго здароўя, адсочваць сімптаматыку.

"Каб мінімізаваць рызыкі заражэння каранавіруснай інфекцыяй, трэба не забываць аб правілах дыстанцыравання, асабістай гігіене. Важна насіць маскі ў грамадскіх месцах, не наведваць, асабліва з дзецьмі, пажылых сваякоў, не збірацца кампаніямі. Недапушчальна адмаўленне: маўляў, са мной гэтага не здарыцца", - нагадала загадчыца кафедры.

У той жа час, калі хвароба напаткала, не варта апускаць рукі, лічыць сябе ізгоем, адзначыла Ірына Буйневіч.

"Гэта не прыгавор. І маральны пазітыўны настрой, вера доктару, выкананне ўсіх рэкамендацый спецыялістаў уплываюць на станоўчы вынік", - сказала яна на заканчэнне.

7 мая 2020, Гомель
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/195/53359
Текущая дата: 17.11.2024