Белорусский портал в Казахстане

"..Прыходзьце да помнікаў. Да Вечнага агню, ціха і спакойна.."



Прамова Аляксандра Лукашэнкі на плошчы Перамогі ў Мінску 9 мая.

Дарагія суайчыннікі і госці Беларусі! Паважаныя ветэраны і доблесныя воіны! Без малога восемдзесят гадоў таму крывавы смерч самай страшнай у гісторыі вайны быў спынены ахвярным подзвігам савецкіх людзей. Гэты факт навечна замацаваны на руінах Рэйхстага і ў акце аб безумоўнай капітуляцыі фашысцкай Германіі.

Германская ваенная машына разбілася аб бяспрыкладныя гераізм і мужнасць нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў.

Доўгія чатыры гады на фронце і ў тыле кавалася Вялікая Перамога. На барацьбу з ворагам устаў і стары, і малы.

Заплаціўшы за свабоду мільёнамі жыццяў сваіх сыноў і дачок, наша вялікая Радзіма — Савецкі Саюз — выратавала тады чалавецтва ад прыгнёту, а асобныя народы — ад поўнага знішчэння.

Сёння мы ганарымся нашымі продкамі, ветэранамі-пераможцамі. Мы славім іх подзвіг і, стоячы каля Вечнага агню, даём клятву, што зробім усё, каб памяць аб іх захавалася ў стагоддзях.

Запомніце: мы прыходзім сюды, каб не паўтарылася страшнае мінулае. Забудзем гэта мінулае, перастанем прыходзіць да помнікаў, — яно прыйдзе да нас. І памятайце чалавецтвам зробленую выснову: як ты адносішся да памяці сваіх продкаў, асабліва тых, хто падарыў табе жыццё і свабоду, так і да цябе будучае пакаленне будзе адносіцца. Мы не вечныя. Мы смертныя. Запомніце, калі ласка. Прыходзьце да помнікаў. Да Вечнага агню, ціха і спакойна. Без усякай арганізаванасці. Можна без кветак... Памятайце і кланяйцеся тым, хто падарыў нам свабоду, калі мы не хочам ваяваць.

Мы даём наказ дзецям і ўнукам свята берагчы праўду пра тую вайну як найвышэйшую каштоўнасць. Для нас яна сімвал непарыўнай сувязі пакаленняў, адна з асноў духоўнай еднасці і згуртаванасці народа.

Вялікая Перамога — галоўны і ключавы момант у гісторыі адраджэння і станаўлення беларускай нацыі. Яе ўрокі дазваляюць сёння, памятаючы і ведаючы мінулае, зазірнуць у будучыню.

А жыццялюбства і творчая энергія пакалення пераможцаў, якое аднавіла краіну з руін, з’яўляюцца прыкладам таго, як мы павінны жыць і працаваць.

Беларусі патрэбен мір. Заўтра, праз год, заўсёды. Нам важна выдужаць і не даць сябе ўцягнуць у канфлікты. Час выбраў нас. Выбраў, каб мы збераглі незалежнасць нашай зямлі і ўсё створанае многімі пакаленнямі да нас. Усё, чым мы разам ганарымся і захапляемся.

Для гэтага мы развіваем эканоміку, умацоўваем абарону і выхоўваем моладзь патрыётамі. Захоўваем мір і дабрабыт на роднай зямлі, як завяшчалі нам продкі.

Вялікая Перамога, якую яны заваявалі, усяляе ў нас веру, што беларусы ў сілах усё пераадолець і выстаяць.

Гонар і слава воінам-пераможцам!

Гонар і слава нашым дарагім ветэранам! Вечная памяць загінулым на полі бітвы, закатаваным у фашысцкіх засценках і канцлагерах.

(Хвіліна маўчання.)

Май пераможнага 45-га прынёс чалавецтву бясцэнны мір. Аднак яго каштоўнасць не ўсім прыйшлася даспадобы. Нашы былыя саюзнікі ў ролі аднаасобных пераможцаў гітлераўскай Германіі бачылі толькі сябе.

Як і ў пачатку саракавых, Захад гатовы на здзелку з любым злом, каб захаваць панаванне. Жахлівы досвед апалагетаў зрынутага Трэцяга рэйха ўжо знайшоў там сваіх паслядоўнікаў.

Ён атрымаў новае прачытанне і прыгожую абгортку. Нацысты нашых дзён ужо не ходзяць у ботах і чорных кашулях, а дзейнічаюць значна больш тонка і дасканала.

Без усялякага сораму ў Еўропе славяць і вітаюць эсэсаўцаў і нацыяналістаў усіх масцяў. Ім апладзіруюць стоячы кіраўнікі дзяржаў, забыўшы вынікі Нюрнбергскага працэсу.

Без аглядкі на гісторыю, мараль і права яны зноў пачалі нацкоўваць краіны і народы. Дзеля гэтага рэаніміравалі ідэі і метады нацыстаў.

Дыялог і супрацоўніцтва адхіляюцца з парога, а ў аснову ўсяго ставіцца матэрыяльная выгада, багацце.

Сёння мы гэта бачым на прыкладзе падзей ва Украіне, Сірыі, сектары Газа і іншых гарачых пунктах планеты.

Кожны дзень па ўсім свеце гінуць тысячы і тысячы людзей. Яшчэ больш застаюцца без прытулку, жывуць у нечалавечых умовах, пакутуюць ад голаду і смагі.

Над палямі былых бітваў зноў грымяць выбухі, пахне порахам і гіне мірнае насельніцтва. Сёння як ніколі важны голас нас усіх, хто выступае ў абарону міру, імкнецца да супрацоўніцтва, падзяляе ідэалы справядлівасці і глабальнай роўнасці. Але мы не чуем, на жаль, гэтых галасоў.

Чым скончылася падобнае маўчанне ў мінулым стагоддзі, мы ведаем. Сёння нас зноў жадаюць спіхнуць у тую ж бездань.

Але мы павінны зрабіць усё, каб не дапусціць Трэцяй сусветнай вайны, інакш ядзерны апакаліпсіс немінучы. Дзеля гэтага нам усім трэба згуртавацца. Чалавецтва ў сваёй гісторыі аднойчы ўжо здолела аб’яднацца супраць усеагульнага зла. Гэта прывяло да Перамогі. Тады мы знішчылі фашызм, таму што былі разам: рускія і беларусы, украінцы і казахі, літоўцы і ўзбекі, малдаване і таджыкі. Усе народы вялікай Савецкай краіны. Супраць гітлераўскай арды з намі ваявалі дзясяткі іншых народаў свету. У тым ліку Еўропы і ЗША. І мы гэта не забылі. У нас добрая памяць, у адрозненне ад іх.

Нашы памяць і праўда надзейным шчытом стаяць на шляху панавання ў свеце хаосу і ідэй дамінавання. Даюць імунітэт супраць ілжывых ідэй і схаваных маніпуляцый, становяцца маяком у моры выклікаў і пагроз новага часу.

Мы не сталі на калені перад ворагамі тады і не маем намеру схіляць галаву перад імі і сёння.

Вайна навучыла беларусаў свята берагчы родную зямлю, абараняць яе цаной уласнага жыцця і захоўваць памяць аб подзвігу продкаў. Мы не дапусцім паўтарэння таго, што бачылі і перажылі яны.

На прыкладзе герояў вайны мы сёння выхоўваем нашу моладзь. Больш за тое, менавіта ёй адводзіцца галоўная роля ў захаванні памяці аб подзвігу нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў.

Зберагчы якую мы павінны перш за ўсё ў сем’ях. І тады ніякая палітычная кан’юнктура не перакрэсліць і не аслабіць духоўнае адзінства пакаленняў.

Інакш размовы аб дружбе і міры, аб тым, што мы за ўсё добрае, але супраць усяго дрэннага, зробяць іх, а значыць, і нашу будучыню, безабароннымі перад тварам пагроз новага часу.

Маніпуляцыі бескарысныя, калі людзі жывуць сваім розумам. Знешнія выклікі і спробы ціску на нашу краіну прывялі да аднаго — Беларусь стала мацнейшай. Мы зробім усё, каб ні ў кога нават думкі не ўзнікла праверыць гэта на справе.

Паважаныя сябры!

Мы з глыбокай удзячнасцю схіляем галаву перад мужнасцю і стойкасцю ўсіх тых, хто аддаў жыццё за свабоду будучых пакаленняў, нашу з вамі свабоду. І адначасова з гэтым гаворым рашучае «не» тым, хто спрабуе перакрэсліць напісаныя крывёй старонкі гісторыі.

Дарагія ветэраны!

Вы далі незабыўны ўрок усім наступным пакаленням. Урок мужнасці, патрыятызму, свабодалюбства і сілы духу. Нізкі паклон вам — тым, хто жыве, і тым, хто пайшоў ад нас, за бяспрыкладны подзвіг, доблесць, адвагу і адданае служэнне Айчыне.

Жадаю нашым паважаным ветэранам моцнага здароўя, даўгалецця і дабрабыту, а кожнай беларускай сям’і — шчасця, міру і дабра. Віншую ўсіх вас са святам! З Днём Вялікай Перамогі!

Звязда, 10 траўня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/20/74036
Текущая дата: 15.11.2024