Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Белтэлерадыёкампанія прадаўжае шукаць таленты для папулярнага вакальнага шоу Х-Factor. Усяго прадзюсарскай групе праекта на рэгіянальных папярэдніх кастынгах трэба будзе праслухаць больш за 3 тыс. прэтэндэнтаў - менавіта столькі заявак паступіла на электронны адрас і ў сацсеткі медыяхолдынга.
"Першая сустрэча адбылася ў Гродне. Мінулыя выхадныя вакальную эстафету прымаў Магілёў. За два дні свае пеўчыя здольнасці ў малой зале Палаца культуры вобласці прадэманстравалі больш за 200 чалавек. Іх праслухала крэатыўная група - выканаўчы прадзюсар праекта Вольга Шлягер, намеснік дырэктара тэлеканала "Беларусь 1" Вольга Саламаха, прадзюсар і тэлевядучая Ксенія Фаміч-Дзюкава, а таксама спявачка і фіналістка нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2020" КейСі, - расказалі ў прэс-службе.
Цікава, што ў Магілёве многія ўдзельнікі выконвалі песні ўласнага сачынення. Узрост прэтэндэнтаў - ад 16 да 75 гадоў. Разнастайныя і прафесіі: спявалі інжынеры, адміністратары аўтамыек, менеджары і прафесійныя музыканты. Члены прадзюсарскай групы не толькі ўважліва слухалі вакал і ацэньвалі харызму, але і задавалі пытанні пра хобі, работу, сям`ю, бо камандзе Х-Factor важна і цікава асабістая гісторыя чалавека.
"Пасля масы эмоцый на сцэне ўдзельнікаў чакала шчырая і спакойная размова з рэдактарам. У зоне інтэрв`ю журналісты спрабавалі даведацца пра падрабязнасці з іх жыцця. Гэта абавязковы фінальны пункт у праходжанні папярэдняга кастынгу. Далей застаецца чакаць спіса з імёнамі тых, хто прадоўжыць барацьбу ўжо ў тэлевізійным кастынгу праекта Х-Factor, - адзначылі ў Белтэлерадыёкампаніі. - Наступны ў маршруце рэгіянальных кастынгаў - Гомель. Ужо 26 і 27 сакавіка на сцэне абласнога грамадска-культурнага цэнтра каманда праекта сустрэнецца з кожным, хто жадае пакарыць вяршыні новага беларускага шоу".
У Гомелі ў складзе групы X-Factor будуць працаваць генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Глеб Шульман, выканаўчы прадзюсар праекта Вольга Шлягер, кіраўнік праграмы "Добрай ранiцы, Беларусь!" Алена Воляк, тэлевядучая і актрыса Святлана Бароўская, а таксама кампазітар і спявачка Ніна Багданава.
У адпаведнасці з умовамі праекта прэтэндэнты выступаюць у чатырох катэгорыях: дзяўчаты ад 16 да 24 гадоў, хлопцы ад 16 да 24 гадоў, удзельнікі ад 25 гадоў і старэйшыя, а таксама вакальныя калектывы.
Пасля Гомеля арганізатары наведаюць Віцебск (4 і 5 красавіка), Брэст (11 і 12 красавіка), Баранавічы (18 красавіка), Ліду (19 красавіка), Мазыр (25 красавіка) і Бабруйск (26 красавіка). Папярэднія кастынгі ў Мінску адбудуцца ў маі.
Калі сустрэцца асабіста з камандай праекта не атрымліваецца, можна запісаць сваё выкананне на відэа і да заканчэння мінскіх кастынгаў адправіць па Viber на нумар +375-29-105-91-02 або праз Instagram і "УКантакце". У Белтэлерадыёкампаніі звярнулі ўвагу, што ўдзельнікі, якія зарэгістраваліся online, напярэдадні папярэдняга кастынгу атрымліваюць SMS-апавяшчэнне з указаннем часу прыходу на праслухоўванне. Падрабязная інфармацыя - у афіцыйных акаўнтах X-Factor у сацсетках.
24 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
24 сакавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/203/52198
Текущая дата: 17.11.2024