Міжнародны адкрыты эколага-турыстычны фестываль "Таямніцы прыбужскага Палесся” адбудзецца ў 12-ы раз і прысвячаецца Міжнароднаму году аховы здароўя раслін і Году малой радзімы ў Беларусі.
Мерапрыемства разлічана на вучняў 5-7 класаў устаноў адукацыі Брэсцкага раёна і абласнога цэнтра. Таксама да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца каманды з іншых раёнаў вобласці, суседніх прыгранічных рэгіёнаў Украіны і Польшчы. Прыём заявак працягнецца па 17 красавіка. Падаць іх можна ў офісе рэспубліканскага заказніка "Прыбужскае Палессе" (Брэст, вул. Кааператыўная, 1) ці па электроннай пошце biorezervat@mail.ru.
Асноўным месцам правядзення фестывалю па традыцыі стане біярэзерват "Прыбужскае Палессе". Прадугледжаны тры этапы: адборачны, які пройдзе ў красавіку-ліпені, гульнявы (верасень-кастрычнік) і заключны (кастрычнік). На першым этапе школьнікаў чакаюць экскурсіі па экалагічных сцежках, веламаршрут, турыстычныя паходы і водны сплаў. Сваімі ўражаннямі ўдзельнікі павінны будуць падзяліцца ў фотарэпартажы. Другі, гульнявы этап, прадугледжвае экалагічны квэст-віктарыну і турыстычную паласу перашкод. У фінале, на інтэлектуальнай гульні ў фармаце брэйн-рынга, сустрэнуцца 10 найлепшых каманд. Пераможцы атрымаюць дыпломы і каштоўныя прызы ад арганізатараў.
Надзея Нікалаева
Звязда, 26 сакавіка 2020
Звязда, 26 сакавіка 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/203/52249
Текущая дата: 17.11.2024