Белорусский портал в Казахстане

Пакаленне пераможцаў залажыла фундамент незалежнай Беларусі



Аб гэтым заявіла 6 сакавіка пасля сустрэчы з ветэранамі ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

"Захаванне памяці аб подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны - гэта тая аснова, фундамент, на якім мы будуем сваю дзяржаву. Дзякуючы такім людзям, старэйшаму пакаленню мы сёння можам ствараць, жыць у мірнай краіне. Мы павінны помніць гэта і перадаць гэту памяць іншым пакаленням, моладзі, якія ідуць за намі", - сказала Наталля Качанава.

Яна адзначыла, што Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці - свяшчэнныя святы для беларусаў. Бягучы год - 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне - асаблівы. "У нашай краіне праходзіць акцыя "Беларусь памятае!", якая, я думаю, будзе прадаўжацца заўсёды. Мы зробім усё магчымае, каб гэта свята - 75-годдзе Вялікай Перамогі - было запамінальным, у першую чаргу для нашых ветэранаў і моладзі", - запэўніла спікер.

Сёння Наталля Качанава разам з калегай - старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянцінай Мацвіенка наведалі Брэсцкую крэпасць. Там яны ўсклалі кветкі да Вечнага агню, азнаёміліся з дзвюма экспазіцыямі комплексу - "Летапіс Брэсцкай крэпасці" і "Музей вайны - тэрыторыя міру". У адной з залаў музея спікеры сустрэліся і цёпла пагутарылі з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх былі былыя франтавікі і працаўнікі тылу, жыхары блакаднага Ленінграда. Валянціна Мацвіенка абняла землякоў, пажадала ўсім ветэранам моцнага здароўя.

"Мы ў неаплатным даўгу перад вамі. Гэта не прыгожыя словы. Вы - пакаленне моцных духам, мужных і сапраўдных, гераічных людзей. Дзякую кожнаму з вас асабіста, нізкі паклон за ваш жыццёвы подзвіг. Вы для нас цудоўны прыклад. Ваша слова заўсёды вельмі важна, асабліва для моладзі, таму што вы відавочцы, кожнаму вашаму слову вераць", - адзначыла Валянціна Мацвіенка.

За перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне савецкі народ заплаціў вялікую цану. "Кожны трэці беларус загінуў у гады вайны. 27 млн грамадзян былога Савецкага Саюза загінулі на франтах, вызваляючы свет, Еўропу ад фашысцкай чумы. Камусьці хочацца адняць нашу Перамогу. Мы вельмі ўдзячныя кіраўніцтву Беларусі, асабіста Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, які гэтак жа, як і Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, змагаецца за тое, каб не дазволіць нікому перапісаць гісторыю, прыменшыць ролю нашых народаў у гэтай перамозе", - дадала кіраўнік Савета Федэрацыі.

6 сакавіка 2020, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/205/51987
Текущая дата: 17.11.2024