Белорусский портал в Казахстане

Які сёння дзень: 1 сакавіка 2020 года



Гэты дзень з`яўляецца шэсцьдзесят першым па грыгарыянскім календары, але гэты год вісакосны, таму да канца года засталося 305 дзён.

Якія падзеі адбыліся 1 сакавіка і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:

Гістарычныя падзеі 1 сакавіка

У 1581 годзе быў створаны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.
У 1919 годзе ў Гродне створана беларускае культурна-асветнае таварыства "Бацькаўшчына".

Хто нарадзіўся 1 сакавіка

1917 год: Фёдар Шмакаў, беларускі акцёр, рэжысёр.
1936 год: Лідзія Савік, беларускі літаратуразнавец, крытык.

Таксама сёння нарадзіліся італьянскі мастак Сандра Бацічэлі і нямецкi музыка, удзельнiк дуэта Modern Talking Томас Андэрс.

1 сакавіка ў народным календары

У гэтым годзе на 1 сакавіка прыпадае апошні дзень Масленіцы - Даравальная нядзеля. У гэты дзень людзі наведваюць дамы сяброў і сваякоў і просяць адзін у аднаго прабачэння.

Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць праведнай Марыямны. Таксама ў гэты дзень апостал Іўда скончыў жыццё самагубствам, таму дзень лічыцца не вельмі благапрыемным.

У даўніну 1 сакавіка нашы продкі святкавалі Ярылін дзень. Ярыла – бог сонца і ўрадлівасці. Па павер`і, з гэтага дня Ярыла адчыняе зямлю і ўсё пачынае расці. 1 сакавіка людзі сустракалі світанак на ўзвышшы і днём абавязкова выходзілі пагрэцца на сонейке.

Калі ў гэты дзень цёпла і сонечна, маразы яшчэ вернуцца. Аблокі, якія ляцяць высока, абяцаюць добрае надвор`е.

Sputnik, 1 сакавіка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/206/51877
Текущая дата: 16.11.2024