Белорусский портал в Казахстане

Школа батлейкі пачала працаваць у Гродзенскім раёне



У аграгарадку Індура Гродзенскага раёна пачала працаваць школа батлейкі. Аб гэтым паведамілі ў Гродзенскім раённым культурна-інфармацыйным цэнтры.

Першыя заняткі прайшлі 1 сакавіка ў Індурскім цэнтры культуры. Яго работнікі разам з мясцовымі школьнікамі паўдзельнічалі ў майстар-класах па батлеечным тэатральным мастацтве.

Культарганізатары і кіраўнік гуртка-тэатра "Батлейка" Путрышкаўскага цэнтра культуры Хрысціна Лойка расказала аб гісторыі адраджэння батлейкі і сваіх сакрэтах вырабу і распісвання карабоў. Дзеці і дарослыя паспрабавалі сябе ў ролі батлеечнікаў і кіравалі лялькай на шпільцы. Стварэнне батлеечнага тэатра было паказана на прыкладзе пастаноўкі беларускай народнай казкі "Аддай тое, што дома не пакінуў".

Заняткі ў "Школе батлейкі" будуць праходзіць пастаянна. У планах, напрыклад, выразанне драўляных нарыхтовак для лялек, майстар-класы па распісванні твараў і стварэнні адзення, а таксама выраб лялек з тканіны, пап`е-машэ і палімернай гліны. Ёсць ідэя аб падрыхтоўцы брашуры, якая будзе прысвечана гісторыі адраджэння батлейкі. Яна стане своеасаблівай практычнай інструкцыяй па стварэнні мабільнага дамашняга тэатра.

У перспектыве менавіта ў Індуры плануецца стварыць тэатральна-батлеечны калектыў. Выбар месца не выпадковы, бо ў аграгарадку працуе ўнікальны музей лялькі. А батлейка стане тым турыстычным прадуктам, які дасць магчымасць прыцягнуць у рэгіён турыстаў, сфарміраваць новыя напрамкі мясцовага сувенірнага бізнесу, выбудаваць супрацоўніцтва з гаспадарамі аграсядзіб рэгіёна і адкрыць новыя магчымасці для развіцця аграэкатурызму. Тэатр таксама створаны для вывучэння, развіцця, захавання і папулярызацыі ўнікальнага самабытнага батлеечнага мастацтва ў рэгіёне.

Стаць часткай тэатральнага калектыву можа любы жадаючы незалежна ад узросту.

2 сакавіка 2020, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/206/51911
Текущая дата: 17.11.2024