Белорусский портал в Казахстане

Пінск перадасць Лідзе эстафету культурнай сталіцы Беларусі



Урачыстая цырымонія адбудзецца 20 снежня, паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама.

У гарадскім Доме культуры ў гэты дзень будуць прэзентаваны праекты, якія ўдалося рэалізаваць у Пінску ў бягучым годзе. 

"Статус культурнай сталіцы мы атрымалі ў Год малой радзімы. Ёй і прысвецім свята, запрасілі на яго нашых таленавітых землякоў. 

Узнагародзім людзей, якія ўнеслі значны ўклад у культуру Пінска. Асаблівым момантам мерапрыемства стане цырымонія перадачы эстафеты Лідзе, якая будзе культурнай сталіцай Беларусі ў 2020 годзе", - адзначылі субяседнікі.

Таксама ў гэты дзень плануецца закласці першы памятны знак на Алеі падзей, якая размесціцца на пешаходнай вуліцы Леніна. Новы арт-аб`ект з`явіцца па ініцыятыве гарвыканкама. 

"Памятны знак з лагатыпам культурнай сталіцы пакладзе пачатак новай традыцыі. Напрыклад, 1 чэрвеня хочам устанавіць таблічку з надпісам, што Пінск з`яўляецца горадам, дружалюбным дзецям. Думаем над тым, каб увекавечыць адроджаны фестываль "Зоры над Пінай", - растлумачылі ў гарвыканкаме.

Паралельна Пінск рыхтуецца пераняць у Оршы эстафету моладзевай сталіцы рэспублікі. Гэты статус ён будзе мець у 2020 годзе. У горадзе пачалі ўжо фарміраваць план мерапрыемстваў. У яго прапануецца ўключыць рэспубліканскі моладзевы форум, спартыўныя спаборніцтвы, выстаўку дасягненняў моладзі, розныя інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы.

17 снежня 2019, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/213/50940
Текущая дата: 16.11.2024