Белорусский портал в Казахстане

Зброю XVI-XVIІ стагоддзяў знайшлі ў час археалагічнага нагляду ў Дзісне



Аб гэтым паведаміў старшы навуковы супрацоўнік аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў.

У самым малым горадзе Беларусі Дзісне ў час археалагічнага нагляду быў знойдзены бярдыш XVI-XVIІ стагоддзяў (сякера, якая насаджвалася на доўгае дрэўка з шырокім лязом у форме паўмесяца). 

У першай палове снежня ў Дзісне пракладвалі дадатковы газаправод. Работы ахоплівалі вуліцы, якія межавалі непасрэдна з берагам Заходняй Дзвіны і дзе фіксаваліся больш раннія, чым XIX стагоддзя, матэрыялы.

"Вывучэнне культурнага пласта ў Дзісне разам з супастаўленнем раней атрыманых даных дазволіла ўпершыню вызначыць агульную плошчу горада пасля яго заснавання ў 1567 годзе. Археалагічныя матэрыялы сведчаць, што ў другой палове XVI - першай палове XVIІ стагоддзяў горад вельмі хутка развіваўся і ўступаў па памерах толькі Полацку, Віцебску і Дрысе (сёння Верхнядзвінск)", - адзначыў Марат Клімаў.

У час нагляду была сабрана змястоўная калекцыя археалагічных матэрыялаў, якая ўключала керамічныя вырабы, манеты, вырабы з чорнага і каляровага металаў.

"Унікальнай знаходкай трэба прызнаць выяўленне ў пласце пажару бердыша. Гэта зброя, якую шырока прымянялі ў ваенных фарміраваннях, перш за ўсё ў арміі Маскоўскай дзяржавы ў XVI-XVIІ стагоддзях", - дадаў археолаг.

Акрамя гэтага, былі знойдзены фрагменты керамікі ХІ–ХІІІ стст. Яны сведчаць, што жыццядзейнасць на месцы горада Дзісны была і раней за XVI cтагоддзе. Знаходкі знайшлі ў вузкай траншэі газазабеспячэння, таму дакладна гаварыць аб плошчы ранейшага паселішча складана.

Дзісна размешчана ў месцы зліцця аднайменнай ракі і Заходняй Дзвіны. У 1569 годзе мястэчка атрымала Магдэбургскае права. У ХIV стагоддзі на выспе побач з горадам быў замак. У розныя гады Дзісна была цэнтрам павета і раёна, з 1959 года - горад у складзе Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Археалагічныя даследаванні на востраве і ў самой Дзісне праводзілі археолагі ў 1970-80-я гады, працавалі гісторыкі і ў XXI стагоддзі.

Сваёй атмасферай Дзісна неаднойчы прываблівала кінематаграфістаў: тут праходзілі здымкі фільмаў "Государственная граница", "Водитель автобуса", "Свидетель", "Черная береза".

Цяпер у горадзе пражываюць каля 1,5 тыс. чалавек.

20 снежня 2019, Віцебск
Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/213/51102
Текущая дата: 16.11.2024