Тое, што беларускія балоты з`яўляюцца каштоўнасцю сусветнага значэння, чарговы раз нагадалі на апошняй сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання падчас ратыфікацыі закона «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў».
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык паведаміў, што сёння ў Беларусі ў натуральным стане захавалася 863 тысячы гектараў прыродных балот. Штогод яны паглынаюць сотні тысяч тон шкодных газаў, выдзяляюць у атмасферу 630 тысяч тон кіслароду, з`яўляюцца асяроддзем для многіх відаў жывёл і птушак, насякомых, рэдкіх раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу. У сельскай гаспадарцы сёння выкарыстоўваецца больш за мільён гектараў асушаных зямель, штогод здабываецца прыкладна 2,5 мільёна тон торфу, частка якога ідзе на экспарт.
Разам з тым у выкарыстанні тарфянікаў існуе шэраг праблем, у прыватнасці, парушэнні гідралагічнага рэжыму, лясныя і тарфяныя пажары, зарастанне балотных экасістэм, наяўнасць асушаных балот, якія паступова дэградуюць пасля завяршэння эксплуатацыі тарфяных радовішчаў, і іншыя.
Дарэчы, у свеце ёсць усяго 16 водна-балотных угоддзяў, якім нададзены трансгранічны статус. Чатыры з іх належаць Беларусі. 26 балот уключаны ў так званую Рамсарскую канвенцыю аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне. Гэта першы глабальны міжнародны дагавор, цалкам прысвечаны аднаму тыпу экасістэм.
Але апошнім часам распаўсюджваецца абыякавае стаўленне да балот як да нечага пастаяннага і нязменнага, дадзенага нам назаўсёды. У свой час так думалі і пра «бясконцыя» запасы прэснай вады, леднікі, чысціню паветра. (Дарэчы, гектар балота выдзяляе больш кіслароду, чым гектар лесу.)
Нашы балоты — наша багацце, а таму палітыка навядзення парадку на зямлі наўпрост закранае гэтую значную частку (4,2 %) ад агульнай тэрыторыі краіны. З прыняццем згаданага закона (аналагаў яму няма ні на постсавецкай прасторы, ні ў Еўропе) працэс аховы, выкарыстання і кіравання тарфянікамі выходзіць на якасна новы ўзровень.
Аўтар: Леанід Тугарын
Звязда, 20 снежня 2019
Звязда, 20 снежня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/213/51604
Текущая дата: 16.11.2024