Белорусский портал в Казахстане

Новы нацыянальны план па забеспячэнні гендарнай роўнасці распрацоўваецца ў Беларусі



Рэалізацыя яго пачнецца ў 2020 годзе, паведаміла ў час адкрыцця Трэцяга міжнароднага форуму жанчын-лідараў у Гродне міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Форум - адна з пляцовак для абмеркавання магчымых палажэнняў новага нацыянальнага плана дзеянняў. Форум накіраваны на садзейнічанне гендарнай роўнасці, жаночаму лідарству і праводзіцца для таго, каб дапамагчы жанчынам максімальна знайсці сябе ў грамадска карыснай працы, грамадска-палітычным жыцці.

"Нам ёсць аб чым гаварыць у гэтых тэмах. Прайшлі выбары, і мы бачым станоўчую дынаміку. У мінулае скліканне Палаты прадстаўнікоў сярод дэпутатаў было каля трэці жанчын, а сёння сярод дэпутацкага корпуса ўжо 40 працэнтаў прадстаўніц прыгожай палавіны чалавецтва. У гэтым плане мы адны з лідараў, бо сярэднесусветны паказчык колькасці жанчын сярод парламентарыяў крыху большы за 24 працэнты", - расказала Ірына Касцевіч.

Яшчэ адна тэма форуму прысвечана балансу сям`і і работы ў жыцці жанчын. "Гэта сур`ёзнае пытанне, якое закранае кожную. У плане сямейнага жыцця на хатнюю работу, выхаванне дзяцей, догляд пажылых жанчыны трацяць у два разы больш часу, чым мужчыны. Цяпер важна знайсці ўмовы, механізмы, магчымасці для таго, каб жанчына не на шкоду сям`і або рабоце рабіла тое, на што яна нацэлена сама", - падкрэсліла Ірына Касцевіч.

Беларусь паслядоўна рухаецца ў гэтым напрамку. Прыкладам могуць служыць нормы, прадугледжаныя ў Працоўным кодэксе, што ўступае ў сілу ў канцы студзеня 2020 года. Размова, перш за ўсё, аб водпуску на 14 дзён для бацькі па доглядзе дзіцяці на працягу шасці месяцаў пасля нараджэння.

"Важна, каб, як толькі дзіця з`явілася на свет, маці і бацька разам займаліся яго выхаваннем. Не трэба блытаць гэту норму з водпускам па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Тут таксама дадзена права бацьку, калі маці хоча працаваць, забяспечваць догляд", - адзначыла Ірына Касцевіч. 

Важны і механізм дыстанцыйнай работы, які ўкараняецца ў краіне. Ён больш актуальны для жанчын, каб, напрыклад, забяспечваючы догляд дзіцяці, яна не страціла кваліфікацыю, змагла дыстанцыйна навучацца і нават працаваць, фарміруючы дадатковы даход сям`і.

Паводле слоў выконваючай абавязкі начальніка аддзела дэмакратычнага кіравання і гендарных пытанняў БДІПЧ АБСЕ Айлы ван Хеель, супрацоўніцтва ў пашырэнні правоў жанчын выходзіць на рэгіянальны ўзровень, бо вельмі шмат рашэнняў, якія ўплываюць на жыццё грамадства, прымаецца менавіта на месцах. 

"Мы супрацоўнічаем з усімі краінамі па пытаннях гендарнай роўнасці, у тым ліку з Беларуссю. На працягу апошніх гадоў сумесна працуем над расшырэннем сеткі актыўнасці жанчын-лідараў, выхавання маладых жанчын-лідараў для далейшага больш актыўнага ўдзелу іх у грамадска-палітычных працэсах", - сказала яна.Форум праводзіцца трэці раз. 

Упершыню яго прымае не сталіца, а рэгіён. Пляцоўкай для правядзення стаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы. Ірына Касцевіч падкрэсліла, што выбар месца правядзення невыпадковы: актуальныя пытанні гендарнай роўнасці неабходна актыўна абмяркоўваць на ўсіх узроўнях. Тэмай для работы на форуме стала абмеркаванне ўніверсітэтаў ва ўмацаванні лідарства жанчын на мясцовым узроўні.

Трэці міжнародны форум жанчын-лідараў сабраў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і міжнародных арганізацый, бізнесу, грамадскіх аб`яднанняў, парламентарыяў, экспертаў у сферы гендарнай роўнасці. 

Арганізатарамі Форуму выступаюць Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. 

Партнёрамі Форуму з`яўляюцца Гродзенскі аблвыканкам, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, грамадскае аб`яднанне "Беларускі саюз жанчын", Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі, Савет Еўропы. 

Мерапрыемства праходзіць у ходзе рэалізацыі кампанента "Садзейнічанне жаночаму лідарству і ўдзелу жанчын у палітычным і грамадскім жыцці", прадугледжанага пагадненнем паміж урадам Беларусі і Еўрапейскім саюзам аб фінансаванні інструмента тэхнічнага супрацоўніцтва (пастанова Савета Міністраў ад 9 верасня 2017 года нумар 680).

27 лістапада 2019, Гродна
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/216/50703
Текущая дата: 16.11.2024