Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі хоча і ў перспектыве бачыць краіну свабоднай і незалежнай



Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 кастрычніка на сустрэчы ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце.

"Каб больш ніколі намі з-пад бізуна не кіравалі ў нашай гісторыі. Каб мы самі кіравалі працэсамі ў сваёй краіне і вызначалі яе будучыню. Гэта галоўнае, што трэба захаваць. Усё астатняе купім", - сказаў беларускі лідар.

"Я хачу, каб яна (краіна.) была Беларуссю. Каб яна была ў цэнтры Еўропы, стабільнай, з некранутымі граніцамі, каб мы самі сваё шчасце здабывалі і адчувалі. Гэта значыць, я хачу бачыць Беларусь свабоднай і незалежнай, каб нашы дзеці маглі, выехаўшы кудысьці, вярнуцца на свой кавалачак зямлі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Беларусь не прэтэндуе на чужое і толькі імкнецца захаваць сваё.

"Ціха, спакойна, паступова ствараючы сваё на гэтай зямлі. Не дай бог мы пачнём канфліктаваць з суседзямі. А яшчэ горш, калі... А на нас глядзяць некаторыя, успамінаючы Рэч Паспалітую, Вялікае Княства Літоўскае, Савецкі Саюз і іншае", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

"Я гавару: час змяніўся, мы гатовы да любых саюзаў, да любых "Рэчаў", але мы суверэнныя і незалежныя, і павінны бачыць свой інтарэс. І ўсё гэта на карысць нашых дзяцей. А для гэтага трэба мець і абарону, кіраваць усімі працэсамі", - дадаў Прэзідэнт.

18 кастрычніка 2019, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/220/50379
Текущая дата: 16.11.2024