Амаль кожны чуў выраз: калі хочаце, каб штосьці змянілася, трэба пачынаць з сябе. Але адна справа разумець гэта, і зусім іншая — увасабляць у жыццё.
Паліна Бурко, студэнтка чацвёртага курса кафедры міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, — адна з тых, каго можна назваць актывістам экалагічнага руху.
— Тое, з чаго пачала, — збіранне смецця асобна. Пасля ўдзельнічала ў розных праектах і экспедыцыях. Напрыклад, ездзіла ў Светлагорск наконт высвятлення экалагічнасці завода беленай цэлюлозы, нядаўна валанцёрыла ў Zero Waste Market. Гэта крама з серыі «нуль адходаў», дзе можна набыць фермерскія прадукты без пакетаў і пакаштаваць веганскую ежу. Таксама я добраахвотніца «Зялёнай сеткі». Менавіта дзякуючы такім мерапрыемствам з`яўляецца выдатная магчымасць распаўсюджваць інфармацыю пра экалогію, — кажа суразмоўніца.
Юльяну Гарачкову, студэнтку трэцяга курса факультэта журналістыкі БДУ, таксама хвалюе гэтая тэма. Яшчэ ў 10—11 класах яна пачала глядзець дакументальныя фільмы аб прыродзе. Таксама ёй пашчасціла з настаўніцай па геаграфіі, якая імкнулася расказаць як мага больш пра асушэнне балот і высечку лясоў. Тады Юльяне было проста жахліва ад пачутай інфармацыі, але пасля першага курса ўніверсітэта, калі з`явілася больш сур`ёзнасці ў думках, пачалося глыбокае разуменне пытанняў экалогіі.
— Я ўбачыла відэа, дзе ў чарапашкі дастаюць з носа трубачкі, — вось так і асэнсавала, што больш не хачу выкарыстоўваць пластык. Спрабавала мінімізаваць яго ў сваім жыцці, наколькі гэта магчыма. Ужо год як атрымліваецца. Для крамы ў мяне ёсць шопер, каб складваць пакупкі. Заўсёды з сабой кубак — у кавярнях ніколі не бяру пластыкавы посуд. Нават трубачку для напояў выкарыстоўваю металічную. Не купляю вопратку ў мас-маркетах з-за таго, што там велізарны перарасход рэсурсаў. Куды потым ідуць незапатрабаваныя рэчы? На жаль, тое, што не прадалося, не заўсёды нават утылізуецца. Часцей за ўсё гэта проста выкідваюць, выклікаючы тым працэсы гніення, што дрэнна ўплывае на навакольнае асяроддзе. Зараз я часты госць сэканд-хэндаў — атрымліваецца, што ты перавыкарыстоўваеш рэчы, а значыць, пакідаеш менш смецця. Да таго ж там ёсць брэндавая вопратка, — гаворыць Юльяна.
Дзяўчына кажа, што, калі пачынаеш выступаць за абмежаванне спажывання, людзі часам перастаюць цябе разумець, з іх боку нават прысутнічае ў нейкай ступені асуджэнне. Навошта ходзіць са сваім кубкам і трубачкай? Калегі з Юльяны з гэтай нагоды смяяліся і жартавалі. Праўда, да таго часу, пакуль дзяўчына не паведаміла ім глабальную сутнасць праблем экалогіі. Зараз яны самі імкнуцца выкарыстоўваць менш пластыку.
Дзяўчаты матывуюць сябе пашырэннем кола людзей, зацікаўленых у пытаннях навакольнага асяроддзя. Ім хочацца, каб пра іх задумаліся як мага больш суайчыннікаў. Аднак не заўсёды тыя, каму захацелася быць «экалагічна свядомым», ведаюць, з чаго пачынаць і куды ісці. Паліна рэкамендуе ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах і сустрэчах па гэтай тэме:
— Яны заўсёды натхняюць, на іх можна даведацца, як зрабіць свой унёсак у падтрымку руху. Таксама раю паспрабаваць паваланцёрыць, напрыклад, як і я, у «Зялёнай сетцы».
Юльяна рэкамендуе знайсці блогераў і чытаць іх матэрыялы, а таксама навіны ад «Грынпіс».
Дзяўчаты ўпэўненыя, што галоўнае — захацець.
Паліна Берташ, студэнтка ІІІ курса факультэт журналістыкі БДУ
Звязда, 19 верасня 2019
Звязда, 19 верасня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/224/49917
Текущая дата: 16.11.2024