Белорусский портал в Казахстане

Убачыў свет зборнік беларускіх народных казак «Не сілай, а розумам»



Накладам у 1000 экзэмпляраў у «Мастацкай літаратуры» ўбачыў свет зборнік беларускіх народных казак «Не сілай, а розумам». Серыйная пазнака наступная — «Сямейнае чытанне».

Ва ўступным «Слове да бацькоў» чытаем: «Дарагія сябры! Вы разгарнулі цудоўную кнігу, выдадзеную ў межах сацыяльна-творчага праекта Беларускага саюза жанчын «Сямейнае чытанне».

Гэты праект распачаты пры падтрымцы міністэрстваў інфармацыі і адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яго мэта — садзейнічаць умацаванню маральных каштоўнасцяў сям`і і грамадства, узмацненню ролі чытання і кнігі ў выхаванні дзяцей і падлеткаў. Чытанне і кнігі — найвялікшыя каштоўнасці. З імі ў кожную сям`ю ўваходзяць найлепшыя спадарожнікі жыцця — імкненне да новых ведаў, працалюбства, узаемадапамога, жаданне рабіць сваё наваколле прыгожым і асэнсаваным».

Дванаццаць народных казак, кожная з якіх вучыць жыццёвай мудрасці і ўзвышае чалавека ў дарозе да вяршынь дабрыні і справядлівасці, выдатна праілюстраваны Надзеяй Барай, Віталем Дударэнкам, Уладзімірам Даўгялам, Марыяй Каратаевай, Аленай Каравай-Лойка, Андрэем Пазняком. Знаёмства з кнігай «Не сілай, а розумам» — гэта яшчэ і выключная асалода ад твора паліграфічнага, кнігавыдавецкага мастацтва.

— Мяркуем, што праект, прапанаваны да рэалізацыі Беларускім саюзам жанчын, — кажа дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, — стане праектам, які пашырае прастору дзіцячага чытання. Да канца года ў серыі «Сямейнае чытанне» збіраемся выдаць яшчэ некалькі кніг. Спадзяёмся і на іх шырокую прэзентацыю ў школах і бібліятэках краіны.

Аўтар: Сяргей Шычко
Звязда, 18 верасня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/229/49983
Текущая дата: 28.12.2024