Гэты дзень з`яўляецца дзвесце чатырнаццатым па Грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 151 дзень.
Другога жніўня ў Беларусі, Расіі і Украіне святкуецца Дзень паветрана-дэсантных войскаў. Якія яшчэ падзеі адбыліся 2 жніўня і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей:
Гістарычныя падзеі 2 жніўня
У 1840 годзе ўказам расійскага імператара спынена дзеянне Статута ВКЛ на тэрыторыі Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерній.
У 1914 годзе ў Баранавічах размешчаная Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Расійскай імперыі.
У 1919 годзе ў Вільні Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны створана Беларуская вайсковая камісія — орган па фарміраванні беларускіх часцей у войску Другой Рэчы Паспалітай.
Хто нарадзіўся 2 жніўня
1549 год: Мікалай Радзівіл Сіротка, вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, падарожнік, мемуарыст
1886 год: Мікалай Гуткоўскі, юрыст, публіцыст, удзельнічаў у распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі. Аўтар успамінаў і артыкулаў па гісторыі беларускай культуры пачатку ХХ ст.
1923 год: Шыман Перэс, прэм’ер-міністр Ізраіля, ураджэнец Беларусі.
Таксама ў гэты дзень нарадзіліся французскі імунолаг і цытолаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне Жуль Хофман, англійскі фізік Джон Тындаль і амерыканскі мастак, лідар школы імпрэсіяністаў Джон Слоан.
2 жніўня ў народным календары
У гэты дзень нашы продкі спраўлялі свята дажджоў і навальніц.
У праваслаўным календары гэта дзень старазапаветнага прарока Iллi, апекуна земляробства i абаронцы ад нячыстай сiлы. Людзі казалі: "Прыйшоў Пятрок — сарваў лiсток, прыйшоў Iлля — сарваў два", "Прыйшоў Iлля, нарабiў гнiлля", "На Iллю да абеду лета, а пасля абеду восень", "Iлля ваюе з чартамi, б`е iх перунамi", "Iлля жнiво пачынае, а лета канчае".
У дзень святога Iллi нельга было працаваць: верылі, што разгневаны прарок мог спалiць маланкай селiшча, пабіць градам поле або пакараць засухай. Таксама пасля Iллi забаранялася купацца ў рэках i азёрах. Казалі: "Ілля ільдзінку ў ваду ўкінуў", гэта значыла, што вада з гэтага дня ўжо была халодная, нягледзячы на цёплае надвор`е. Акрамя таго, верылі, што з гэтага дня чэрцi хаваюцца ад стрэлаў прарока Iллi ў ваду i могуць зацягнуць чалавека на дно, каб забраць яго.
З 2 жніўня амаль паўсюль на Беларусi пачыналi жаць жыта.
Зажынкі часам пачыналіся яшчэ ў ліпені — як толькі паспее жыта. Першы сноп заўжды зжынала захавальніца роду — маці, або пры яе адсутнасці — старэйшая дачка. Усе спявалі зажынкавыя песні. Збожжа з гэтага снапа свяцілі ў царкве і перад новым пасевам змешвалі з насеннем, а салому аддавалі каровам, каб не хварэлі.
Sputnik, 2 жніўня 2019
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/231/49045
Текущая дата: 16.11.2024