Белорусский портал в Казахстане

Горад і людзі. Хто праслаўляў Брэст на працягу тысячагоддзя



У гэтыя выхадныя самы заходні горад Беларусі завабіць да сябе незлічоную колькасць гасцей на мерапрыемствы з нагоды юбілею.

1000 гадоў — дата своеасаблівая. З аднаго боку, яна патрабуе падвядзення прамежкавых вынікаў. А Брэст за гэты час сапраўды здабыў нямала. У той жа момант нельга забываць імёны тых, хто ўплываў на развіццё і станаўленне горада — ад старажытнасці і да нашых дзён. Мы прыгледзелісь да біяграфіі юбіляра і склалі спіс славутых асоб у яго гісторыі.

1. Сумневаў у тым, што Бярэсце было адным з першых беларускіх гарадоў, няма. Старажытнае гарадзішча знаходзілася паміж рэкамі Заходні Буг і Мухавец і фактычна з`яўлялася акном у Еўропу для ўсходніх славян. Аднак першая згадка пра яго ў пісьмовых крыніцах адносіцца толькі да 1019-га. «Аповесць мінулых гадоў» сведчыць, што тады «...Святополкъ побежа; бежащу же ему, и нападе на нь бесъ, и раслабеша кости его, и не можаше седети на кони, и ношахуть и вь носилахъ; и принесоша его кь Берестью, бегающе с нимь».

Князь тураўскі і кіеўскі Святаполк Уладзіміравіч у гісторыі атрымаў мянушку Акаянны за тое, што загадаў забіць сваіх братоў Барыса і Глеба, а пасля і Святаслава. Чаму нялёгкая панесла яго ў Бярэсце ў 1019 годзе? Святаполк вёў вайну за ўладу з яшчэ адным сваім братам — Яраславам, але не здолеў яго перамагчы і даў дзёру на самы захад Тураўскага княства. Абраў бы ён іншы шлях адступлення, магчыма, мы тады б святкавалі тысячагоддзе Брэста значна пазней.

2. Геаграфічнае становішча горада на памежжы заўсёды было небяспечным: ён часта пераходзіў ад аднаго князя да другога, цярпеў асады, гарэў і быў абрабаваны. І хоць ён не з`яўляўся цэнтрам асобнага княства, але заўсёды быў цікавым як кіеўскім і маскоўскім, так і польскім і літоўскім князям.

У канцы ХІV стагоддзя барацьба за горад развязалася паміж Вітаўтам і Ягайлам, якія то сварыліся, то мірыліся. У выніку гэта пайшло нават на карысць Бярэсцю. Спачатку Вітаўт даў яўрэям прывілей на свабоднае жыццё і веравызнанне ў гэтым горадзе. А ў 1390 годзе Ягайла (на той момант ужо кароль польскі Уладзіслаў ІІ) падараваў месцу магдэбургскае права. Фактычна Бярэсце стала першым беларускім горадам, які перайшоў на самакіраванне.

Гісторыкі зазначаюць, што менавіта гэтыя падзеі далі моцны эканамічны штуршок. Магдэбургскае права дазваляла не плаціць падаткі ў казну ВКЛ, грошы заставаліся ў горадзе і спрыялі яго развіццю.

3. Ёсць сярод святых беларускай праваслаўнай царквы Афанасій Брэсцкі (Філіповіч), які нарадзіўся, вырас і большую частку жыцця пражыў у Бярэсці. Ён вядомы перш за ўсё сваім пакутніцкім лёсам. Рэч у тым, што гады яго жыцця прыпалі на першую палову ХVІІІ стагоддзя, калі на беларускіх землях ішла сур`ёзная барацьба паміж праваслаўнымі, каталікамі і ўніятамі.

Афанасій Філіповіч, вядома, адстойваў сваю канфесію, за што неаднаразова арыштоўваўся і ў выніку быў забіты. Аднак нават за кратамі ігумен не апускаў рукі — стварыў знакаміты «Дыярыуш», куды ўвайшлі дарожныя і тлумачальныя запіскі аўтара, яго ўспаміны, нарысы і разважанні, пасланні і лісты, яго выкрывальныя прамовы, канспектыўныя накіды асобных артыкулаў, філасофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы, прысвечаныя барацьбе, і нават напеў гімнападобнага канта — адзін з найбольш ранніх нотных запісаў у беларускай музыцы.

Адметнасць твора не толькі ў змесце, але і ў мове, якой ён пісаўся. Навукоўцы адзначаюць, што гэта «сакавітая, прыгожая, мілагучная мова беларуса. Прычым беларуса высокаадукаванага». Між іншым ужо былі часы, калі дакументацыя вялася выключна па-польску і сярод шляхты размаўляць па-беларуску лічылася дрэнным тонам.

4. Пачынаючы з ХІХ стагоддзя Брэст нельга ўявіць без знакамітай крэпасці, якая знаходзіцца каля ўпадзення ракі Мухавец у Заходні Буг. З самага пачатку было ясна, што яе чакае велічны і гераічны лёс. Аўтар праекта — тапограф і інжынер Карл Аперман стварыў унікальныя для свайго часу чарцяжы, якія ўвасобіліся ў рэальнасць у 1842 годзе.

Нягледзячы на неаднаразовыя спробы захапіць і знішчыць крэпасць, да нашых дзён захаваліся пяць з васьмі арыгінальных брам — Холмская, Цярэспальская, Паўночная, Паўночна-заходняя і Усходняя.

З самага адкрыцця і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны не было моманту, каб крэпасць пуставала: была месцам дыслакацыі расійскай імператарскай арміі, Войска польскага, Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Хоць з цягам часу ўмацаванні рэканструяваліся, пашыраліся і мянялі знешні выгляд, сваю мэту яны працягвалі выконваць. Нават у пасляваенны час сюды вярнулася жыццё: да 2000-х гадоў тут неслі службу салдаты незалежнай Беларусі.

5. Калі ісці да Брэсцкай крэпасці з боку Паўночнай брамы, то на вочы абавязкова трапяць Гарнізонныя могілкі. Тут сярод соцень адзіночных і брацкіх пахаванняў ёсць адна магіла, якую немагчыма абысці. Маёр Пётр Гаўрылаў стаў жывым сімвалам непакорнасці чужакам і даказаў, што жаданне змагацца за свабоду Радзімы можа быць мацнейшым нават за законы прыроды.

Гэта той самы чалавек, які трымаў абарону да 23 ліпеня 1941-га! У апошнія дні — абсалютна адзін. Па ўспамінах немцаў, ён за гадзіну да таго, як яго паранілі, кідаў гранаты, страляў і быў гатовы да рукапашнага бою.

Пры тым, што знешне нагадваў «хадзячы шкілет, абцягнуты скурай». Запісы ўрача сведчаць: знясіленне дайшло да такой ступені, што Гаўрылаў нават не мог самастойна глытаць.

Тым не менш маёр выжыў і правёў чатыры гады ў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагерах, а пасля вызвалення вярнуўся на службу.

Да 1979 года жыў у Расіі. Пахавалі яго на Брэсцкіх гарнізонных могілках, там, дзе і баявых таварышаў.

6. Многія жыхары Брэста і сёння помняць, як у 50-я гады мінулага стагоддзя кожны ранак па вуліцы Карла Маркса на работу спяшаўся мужчына у дзелавым касцюме. Ён ішоў пехам, вітаўся з мінакамі і ўсміхаўся дзецям. Звалі яго Пётр Машэраў. Нечакана, праўда? Звычайна яго згадваюць як праслаўленага партызана і кіраўніка БССР. Але і для аднаўлення пасляваеннай Берасцейшыны ён зрабіў нямала.

Па ініцыятыве Машэрава, які з 1955-га да 1959-га ўзначальваў абласны камітэт кампартыі, пачалося паскоранае развіццё прамысловасці горада. Брэст атрымліваў дадатковае фінансаванне як «заходні фарпост Савецкага Саюза».

Пётр Міронавіч клапаціўся і пра сельскую гаспадарку рэгіёна, якая хуткімі тэмпамі стала найлепшай у краіне. Пасля гэты досвед ён перакіне на ўсю Беларусь. Як былы партызан, Машэраў актыўна садзейнічаў адкрыццю музея ў Брэсцкай крэпасці і ініцыяваў будаўніцтва мемарыяльнага комплексу, выбіваў грошы на культурныя ўстановы горада.

7. Бадай, няма ў Беларусі чалавека, які б не ведаў, хто такая Юлія Несцярэнка. А летам 2004 года пра нашу лёгкаатлетку гаварыла ўся планета, калі на Алімпійскіх гульнях у Афінах яна пранеслася на стаметроўцы «белай маланкай», апярэдзіўшы сваіх цемнаскурых канкурэнтак.

Перамога малавядомай і нетытулаванай спартсменкі была нечаканай. А яна ўзяла і здзівіла ўвесь свет. Цікава, што пасля перамогі Юлія ні на хвілінку не зазналася. Яна — адна з нямногіх зорак спорту, якія працягнулі весці звычайнае жыццё. Нават не змяніла месца жыхарства — засталася ў родным Брэсце, у якім сёння працуе трэнерам і займаецца дабрачыннасцю.

З падачы Юліі развіццё лёгкай атлетыкі тут выйшла на новы ўзровень, а ў маленькіх спартсменаў з`явілася моцная матывацыя для заняткаў і новых перамог.

Дарэчы

Роўна 50 гадоў таму — летам 1969-га — малады сталічны археолаг Пётр Лысенка адправіўся на раскопкі на самы край Брэста. Едучы сюды, ён і яго калегі нават уявіць не маглі, якое грандыёзнае адкрыццё чакае іх наперадзе. Акурат за Брэсцкай крэпасцю ў нетрах зямлі іх чакаў цэлы старажытны горад ХІІ—ХІІІ стагоддзяў, імя якому — Бярэсце. Каб зведаць яго таямніцы, навукоўцу спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе. Да ўдзелу ў раскопках былі прыцягнутыя тысячы брэсцкіх школьнікаў. Сёння вынікам работы можа палюбавацца кожны — унікальны археалагічны помнік стаў музеем.

Аўтар: Ганна Курак
Звязда, 5 верасня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/231/49637
Текущая дата: 27.12.2024