Белорусский портал в Казахстане

XXIV Міжнародны пленэр па жывапісе "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве", прысвечаны Году малой радзімы, пачне работу ў верасні



Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні культуры Магілёўскага аблвыканкама.

Першая частка беларуска-расійскага праекта пройдзе на тэрыторыі Тульскай вобласці. З 9 верасня беларускія мастакі адправяцца працаваць у дзяржаўны мемарыяльны гісторыка-мастацкі і прыродны музей-запаведнік Васіля Паленава.

"Адкрываць пленэр на расійскай зямлі стала добрай традыцыяй, - расказалі размоўнікі. - Праграма знаходжання будзе насычанай. Акрамя работы на тэрыторыі музея-запаведніка запланаваны творчыя паездкі па навакольнай мясцовасці для стварэння твораў і эцюдаў".

А 19 верасня мастакоў будзе сустракаць Магілёўская вобласць. Плануецца, што да беларускіх майстроў далучацца таленавітыя жывапісцы з Казахстана, Расіі, Украіны, Афганістана, Узбекістана, Рэспублікі Карэя. Падарожжа па Прыдняпроўскім краі пачнецца з аграгарадка Княжыцы Магілёўскага раёна. Праграмай таксама прадугледжана наведванне Александрыі Шклоўскага раёна.

Ва ўпраўленні культуры звярнулі ўвагу, што госці змогуць не толькі азнаёміцца з прыродай, архітэктурай, мясцовымі жыхарамі, але і ўліцца ў гісторыю пленэрнага руху.

Запланаваны майстар-класы, творчыя сустрэчы, вечары нацыянальных культур. Прадугледжана шырокая культурная праграма, якая ўключае пешаходную экскурсію па абласным цэнтры, знаёмства з музеямі горада, мемарыяльным комплексам "Буйніцкае поле".

Па выніках пленэру 27 верасня ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава адкрыецца выстава "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве". Сюды ўвойдуць лепшыя карціны кожнага аўтара.

Пленэрны рух зарадзіўся ў Магілёўскай вобласці ў 1996 годзе. З таго часу пленэры сталі традыцыйнымі і прысвячаюцца вядомым мастакам Прыдняпроўскага краю, мастацтвазнаўцам, знамянальным падзеям. За гэты час у фонды абласнога мастацкага музея паступіла каля 2 тыс. твораў сучасных мастакоў.

Арганізатарамі міжнароднага пленэру выступаюць Магілёўскі аблвыканкам, Дзяржаўны мемарыяльны гісторыка-мастацкі і прыродны музей-запаведнік В.Д.Паленава, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В.Масленікава.

30 ліпеня 2019, Магілёў
Вольга Емяльянава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/232/48974
Текущая дата: 16.11.2024