Белорусский портал в Казахстане

У Слоніме да Дня беларускага пісьменства добраўпарадкуюць набярэжную канала Агінскага



Аб гэтым распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі.

У Слоніме да Дня беларускага пісьменства добраўпарадкуюць набярэжную канала Агінскага і адкрыюць пасля рамонту і рэканструкцыі некалькі знакавых аб`ектаў.

Асноўныя мерапрыемствы Дня беларускага пісьменства разгорнуцца на больш чым дзесяці пляцоўках горада. Слонім стараецца годна сустрэць гасцей: прыводзяцца ў парадак вуліцы і дамы, аб`екты сацыяльнай інфраструктуры. Добраўпарадкоўваецца і набярэжная канала Агінскага - папулярнае месца адпачынку ў гараджан і гасцей горада. Будзе здадзена пасля рэканструкцыі гасцініца "Шчара", "бо горад прывабны для турыстаў, а значыць, павінен быць гасцінным ва ўсіх адносінах", заўважыў Аляксандр Вярсоцкі.

Значнай падзеяй стане адкрыццё на цэнтральнай плошчы Слоніма помніка Льву Сапегу. Некалі выдавец Статута Вялікага княства Літоўскага быў старастам старажытнага горада, пры Льву Сапегу Слонім актыўна развіваўся. На гэтым тыдні, як чакаецца, статуя будзе адлітая, пасля чаго зоймуцца яе устаноўкай.

"Актыўна ўключыліся ў добраўпарадкаванне прадпрыемствы раёна і, што прыемна, жыхары Слоніма, якія наводзяць парадак у сваіх дварах і падворках", - адзначыў Аляксандр Вярсоцкі. Ён удакладніў, што на падрыхтоўку Слоніма да правядзення значнага свята з усіх крыніц накіравана каля Br10 млн.

Звязда, 13 жніўня 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/235/49205
Текущая дата: 26.12.2024