Белорусский портал в Казахстане

Лепшых беларускіх урачоў 2018 года назвалі ў Мінску



Цырымонія ўзнагароджвання прайшла 13 чэрвеня ў час урачыстага сходу з нагоды Дня медыцынскага работніка ў Палацы Рэспублікі.

У намінацыі "Урач-педыятр" лепшай прызнана ўрач-эндакрынолаг, загадчыца педыятрычнага аддзялення нумар 3 (для эндакрыналагічных хворых) УАЗ "2-я гарадская дзіцячая клінічная бальніца" Вольга Князькіна, "Урач-тэрапеўт" - загадчыца паліклінікі Брэсцкай гарадской бальніцы нумар 2 Таццяна Мірончык.

Лепшым урачом-хірургам стаў загадчык хірургічнага аддзялення Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Дзмітрый Царыкаў, а ўрачом-акушэрам-гінеколагам - загадчыца радзільнага (абсервацыйнага) адзялення РНПЦ "Маці і дзіця" Вера Русецкая.

Узнагародзілі і лепшага ўрача агульнай практыкі. Ім стаў загадчык аддзялення ўрачоў агульнай практыкі паліклінікі УАЗ "Пастаўская цэнтральная раённая бальніца" Міхаіл Пётух.

Акрамя таго, узнагароды "За адданасць прафесіі" ўдастоены ўрач-рэнтгенолаг рэнтгенаўскага кабінета Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы Іван Налівайка.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава зачытала віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з нагоды прафесійнага свята. Ад сябе яна дадала, што сістэма аховы здароўя ў Беларусі працуе на карысць чалавека, народа, а захаванне і ўмацаванне здароўя заўсёды былі і будуць прыярытэтамі палітыкі дзяржавы.

Да медыцынскіх работнікаў звярнуўся і міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

"Нягледзячы на тое, што ў нас розныя дыпломы, мы ўсе - медыцынскія работнікі, мы ўсе выконваем адну справу. Нехта з нас працуе ў аперацыйнай, нехта забяспечвае лекавую тэрапію, нехта працуе за пультам складанага дыягнастычнага, лячэбнага абсталявання, нехта забяспечвае матэрыяльна-тэхнічнае, кадравае, фінансавае забеспячэнне гэтага працэсу. І толькі ў тых выпадках, калі мы працуем як адзіная каманда, можна разлічваць на поспех", - сказаў ён.

Бягучы год для беларускай аховы здароўя знамянальны, ён праходзіць пад знакам 100-гадовага юбілею. У сувязі з гэтым Уладзімір Каранік заўважыў, што за гэтыя гады магчымасці медыцыны выраслі каласальна. Але менавіта тыя людзі, якія заклалі асновы айчыннай медыцыны, далі магчымасць дасягнуць такіх поспехаў.

"Таму трэба помніць і шанаваць ветэранаў, - сказаў ён. - А ў год 75-годдзя вызвалення радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў трэба ўспомніць і тых, хто выконваў свой абавязак з рызыкай для жыцця, хто загінуў".

13 чэрвеня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/237/48398
Текущая дата: 16.11.2024