Белорусский портал в Казахстане

Пленэр, прагноз ад слімака і тэатралізаванае шэсце - у Глыбокім пройдзе "Вішнёвы фестываль"



У Глыбокім 23-27 ліпеня сёмы раз пройдзе міжнароднае свята "Вішнёвы фестываль", паведамілі ў мясцовым райвыканкаме.

Чакаецца, што на форум прыедуць афіцыйныя дэлегацыі, творчыя калектывы з Грузіі, Польшчы, Францыі, Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі і Малдовы.

23 ліпеня пасля ўрачыстага адкрыцця пачнецца Дзень грамадскіх аб`яднанняў: будуць працаваць тэматычныя і дабрачынныя пляцоўкі, пройдзе канцэртная праграма. У другі дзень на гарадскім стадыёне правядуць Дзень спорту з акцэнтам на футбол. Тут змогуць згуляць у самую папулярную гульню ў свеце як дзеці, так і дарослыя.

Адной з займальных падзей стане забег слімакоў і футбольны прагноз ад іх. Таксама ў мясцовай ДЮСШ адкрыюць музей спорту з экспазіцыяй на футбольную тэматыку. У будучым кожны год яе будуць пашыраць за кошт іншых відаў спорту. Усіх аматараў квестаў і аўташоу 25 ліпеня запрашаюць на Дзень моладзі.

У 20.30 выступіць тэатр моды, пасля іх на сцэну выйдзе група Cherry Town.

Асноўныя мерапрыемствы запланаваны на 26 і 27 ліпеня. У гэтыя дні пройдзе абласны пленэр майстроў дэкаратыўнага жывапісу "Райскі сад - 2019", які прысвецяць творчасці Язэпа Драздовіча.

Гасцей чакае тэатралізаваная праграма, этнавечарынка, конкурс баяністаў, акардэаністаў і гарманістаў, рэгістрацыя шлюбу "Вішнёвае вяселле".

Таксама канцэрт дасць выпускніца Венскай кансерваторыі Юлія Лебядзенка. І па традыцыі ад манументальна-дэкаратыўнай скульптуры "Глыбоцкая вішня" да цэнтральнай сцэны пройдзе святочнае шэсце з удзелам "Вішнёвай каралевы".

Пад час фестывалю пройдуць дзве канферэнцыі - па садоўніцтве і турызме. Народныя майстры прадставяць свае вырабы, будуць працаваць гандлёвыя рады і падворкі.
______________________________

"Вішнёвы фестываль" праводзіцца ў Глыбокім сёмы раз, у 2017 годзе ён атрымаў статус міжнароднага свята. У мінулым годзе на беразе возера Кагальнае ў цэнтры горада з`явілася рэзідэнцыя "Вішнёвай каралевы". Арганізатарамі форуму выступаюць Віцебскі аблвыканкам і Глыбоцкі райвыканкам.

17 ліпеня 2019, Віцебск
Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/238/48773
Текущая дата: 26.12.2024